Страница:
27 из 453
Юры з вылупленымі ад жаху вачыма папірае нагою цмока, рыдаюць ужо трыста год Магдаліны. Іконы на сценах, іконы, нібы ўкрытыя ржою па кутах, і іконы, распасцёртыя на сталах, свежанькія, нібы толькі з Ярдані, усміхаюцца чалавеку, што іх зноў стварыў. Пахне хіміяй, дрэвам, пахучай старой фарбай. Залацяцца спінкі кніг. Скаляць зубы грыфоны, падобныя на сумных курэй.
І ўсё гэта дзіва як хораша! І сярод усяго гэтага, створанага сотнямі людзей, два сабакі і чалавек. Лепшы мой сябар.
— Ёсць што-небудзь з марозу, іконнік?
— Адліга сёння, залатар, — сказаў ён.
— А з адлігі ёсць? — сказаў я.
— З адлігі ёсць сухія цёплыя батарэі… Вось.
— Законы продкаў забываеш? — спытаў я з пагрозаю.
— Пры Жыгімонту лепей было, — сказаў ён, несучы на нізенькі столік пачатую бутэльку віньяку, лімон, «мікалашку», талерку бутэрбродаў, сыр і, чамусьці, мочаныя яблыкі, — аднак і кароль Мар'ян немцаў не любіў, і ляхаў, і ўсіх іншых, а нас, беларусцаў, шкадаваў і любіцельна мілаваў.
— Пача-атая, — сказаў я.
— Будзе і поўная.
— То і ставіў бы.
— Ведаеш, што лічылася ў нашых продкаў дрэнным тонам?
— Ну?
— Бляваць на сярэдзіну стала. Вось што лічылася ў нашых продкаў дрэнным тонам. Старажытны кодэкс прыстойнасці. «А нудзіць на сярэдзіну стала — кепска і пагана і нягожа ёсць».
— На край, значыцца, можна? — спытаў я.
— Нічога не сказана. Мабыць, можна. Дазваляецца. Што ж тут страшнага?
— Невук ты. На свой край дазваляецца. На чужы, vis a vis — ані!
— Прыемнага вам, — сказаў ён.
|< Пред. 25 26 27 28 29 След. >|