Страница:
341 из 453
Бо яны (вучоныя) адносяць іх (салаўёў) да атрада вераб'іных (праўда, падатрада спеўчых), такіх самых, як вароны, сарокі, саракапуды і іншыя такія суб'екты. Досыць дзіўна! Я ніколі не садзіў бы ў клетку салаўя, але што датычыцца вароны — і пагатоў.
…Вось так я і ішоў пад гэтым небам, што ўсё мацней кідалася ў блакіт, абяцаючы пагодны цёплы дзень.
Было яшчэ так рана, што на дарозе ад плябаніі да Белай Гары я не сустрэў душы жывой. Ніхто яшчэ нават не корпаўся ў дварах. Ніхто не адхіліў фіранкі, праводзячы мяне позіркам.
Я думаў, што мне спатрэбіцца лезці на гарадзішча, каб разбудзіць Сташку, але, падышоўшы да падножжа задзірванелай велічы — на сваё здзіўленне, — убачыў, што яна ўжо там. Сядзіць на нейкім пацурбалку, нязручна выцягнуўшы доўгія ногі. У лёгкай стракатай сукенцы, у тонкай кофтачцы, накінутай на плечы. Чакае.
Вочы крыху абрэзаліся, відаць, ад стомы, вусны лёгка ўсміхаюцца. Ніколі яшчэ не была яна мне такая дарагая, як у гэты момант. Ніколі не была такая жаданая.
— Раніцы добрай! Як твае?
— Дрыхнулі яшчэ ўсе, аж да Генкі. А ў цябе?
— У дзесятым сне хроп Мультан. І Вячорка з ім. Не, трэба-такі ўцякаць. І там дабіраюцца.
— Усё адно заўтра ж паедзеш.
— Гэт-та я яшчэ пагляджу. Як некаторыя людзі будуць сябе весці.
— А Вячорка?
— Вячорку адшыю. Гэта ж сядзяць учора. Тут жонка Вячоркава прыплялася. «Ну, выпілі. Джгнулі», — кажа дзед. «Частае тваё джганне, — кажа Вячоркава, — каб не зашкодзіла часам».
|< Пред. 339 340 341 342 343 След. >|