Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 343 из 453



Яна агледзела месца нашага «глыбокага бурэння»:

— Ну досыць зубаскаліць. Пачнем.

Под вежы быў завалены, па ўсім відаць, ужо нятоўстым пластам друзу, абабітай атынкоўкі і смецця, і ў пласце гэтым стаялі «на папа» (адна крыху наўскос) тры гранітныя пліты. Адна, відавочна, з абліцоўкі, дзве — са столі.

— Мы іх не зварухнем, — сказала яна. Сапраўды, пліты былі прыблізна паўтара метра на метр з чвэрцю. І шырынёю сантыметраў на шэсцьдзесят.

— Не зрушым, — паўтарыла яна. — Збегаць па хлопцаў, ці што?

— А прыярытэт? — няўдала паспрабаваў я адбіцца жартам. — Не, мы проста іх чапаць не будзем. Выграбем смецце ды нават проста адграбем яго ад сценак. Бо люк у сутарэнне, відаць, недзе пасярэдзіне. Калі пліты на ім — нічога не зробіш, давядзецца паклікаць дапамогу. А не — яны нам не перашкодзяць, тыя пліты.

Гадзіны паўтары мы ўпарта працавалі. Яна насыпала жалезняком у дзіравыя вёдры смецце і друз, а я адносіў усё гэта і высыпаў пад сценкі. Пасля мне здалося, што ўсё гэта марудна. Я ўзяў другую рыдлёўку і пачаў проста адкідаць з цэнтра пляцоўкі атынкоўку, уламкі цаглін, пыл і ўсё такое.

І вось недзе ў канцы другой гадзіны мой жалязняк скрыгануў па нечым суцэльным. Раз, і другі, і трэці.

…Атвор. Ну не адкрыты атвор. Проста квадратная адтуліна, і на ёй, амаль поўнасцю прыкрываючы яе, тоўстая пліта з гладкага, па выгляду ледзь не адшліфаванага пясчаніку.

|< Пред. 341 342 343 344 345 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]