Страница:
346 из 453
Страшэнна я злаваўся на яе, што лезе туды, дзе не просяць (хаця тут было больш бяспечна, чым у нашых старажытных шахтах па здабычы крэменю. Пад Ваўкавыскам. А яна гэты канец неаліту на ўласным жываце ўвесь выпаўзала).
І ўсё ж я не мог устрымацца:
— Пайшлі. Гонару ў вас зашмат. А на справе «кабы мы не поднялись да не встали, так вы бы поганую землю носом копали».
— А гэта што за дыяменты прыгожага пісьменства?
— А гэта калі масквіч выхваляецца і з ніжагародца кпіць, то тыя яму вось так адказваюць. Мініна ўспамінаюць.
— Ну добра, добра, — відаць, сумелася яна. — Свяціце вакол… Мінін.
Я ўзняў свечку і пачаў вадзіць ёю вакол.
Гэта была абсалютна пустая — камера не камера, склеп не склеп, падвал не падвал. Сутарэнне? Памяшканне, каб у ім нешта змяшчалася? Але тут не змяшчалася нічога. Пуста, як у студэнцкай кішэні напярэдадні стыпендыі (я, вядома, маю на ўвазе тыповага, сапраўднага, стопрацэнтнага студэнта).
Падлога з вялізных каменных плітаў. Муры і скляпенне нібы слаёныя з тоўстых пластоў дзікага каменю і вузейшых палосаў цэглы.
Па форме — падоўжаны эліпсоід вярчэння (усярэдзіне яго мы і знаходзіліся) з усечаным ніжнім канцом. Ну, а прасцей — яйка, якое аблупілі, зрэзалі адзін канец і на гэты канец паставілі. Метраў чатырнаццаць у акружнасці, метры тры з паловаю — у вышыню.
Толькі ў адным месцы (метра паўтара над зямлёй) нейкая цёмная пляма памерам са сшытак. Атвор? Проста так не разгледзіш. Падставіць бы нешта. А што? Спіну Сташкі? Яшчэ чаго не хапала, каб трымала на спіне мой «ледзь не цэнтнер».
|< Пред. 344 345 346 347 348 След. >|