Страница:
344 из 453
А на пліце крыж з чатырма закругленымі лопасцямі, а ў лопасцях па незразумелай (бо зямлёю забітай) літары. А на скрыжаванні лопасцей стары шасціканечны ярылаў крыж пад «дашкам» як на старажытных могілках. На стараверскіх «галубцах».
Тут бы лом, але куды там бегчы па яго. Нецярплівасць забівае нават подых: мы дыхаем коратка і сіпата.
Прасоўваем у шчыліну лапаты. Націснулі. Дзяржак Сташчынага жалезняка крыху прагнуўся.
Але тут я, налягаючы грудзьмі на дзяржак рыдлёўкі, прасунуў рукі ў гэтую трэшчыну і перакуліў пліту на сябе, назад, пад шырока расстаўленыя ногі.
Адкрыўся люк. Цёмная прорва. Я чыркнуў запалкай і «стрэліў» ёю ўніз (так яна даўжэй не згарае, чым калі яе проста ўраніць). Скляпенняў і сцен яна не вырвала з цемры. Затое на момант асвятліла нешырокія і вельмі стромыя сходы з чырвонай цэглы.
— Ну вось, — сказаў я. — Цяпер можна і па хлопцаў, і па дзевак.
— А прыярытэт? — перадражніла яна мяне.
Я плюнуў. Гэта праўду кажуць не толькі пра Польшчу, але і пра нашы заходнія вобласці, што на ўсе тыя землі ўвесь адпушчаны богам розум — камар прынёс. Адзін. Дый той розум мясцовыя бабы расхапалі.
З гэтымі не паспрачаешся. Я з уласнай жыццёвай практыкі ведаў гэта.
Таму дастаў свечку (дзве іншыя былі ў кішэні), скінуў куртку і ступіў на першую прыступку.
— Заставайцеся тут.
— Гэта яшчэ чаму? — здзівілася яна.
— А вы пра «эфект сабачай пячоры» ў Італіі чулі?
— Якой пячоры?
— А ёсць там пячора-яма. Чалавек зойдзе і ходзіць, і нічога.
|< Пред. 342 343 344 345 346 След. >|