Страница:
397 из 453
Зноў сякуць мураваную сталь мячы святла, якога столькі год, столькі ўжо невыносна доўгіх, смяротна цягучых год, бясконцай іх чарады, не бачылі гэтыя камяні.
Мы спускаліся нязмерна доўга, аж пакуль столь не пачала адыходзіць угору і там загінацца некуды ў непрасвяцімую цемру.
— Усё. Роўныя пліты, — чамусьці шэптам сказаў я.
Прамяні паплылі ўгору, асвятляючы яйкападобнае скляпенне.
— Усё як на істужцы.
Сапраўды, круглая цямніца сажняў сямі ў акружнасці. І унь пляма, пазнейшай за яе камяні, але на гэты раз дужа-дужа даўняй кладкі: закладзены ход у ніжнюю камору. Закладзены тры стагоддзі назад.
І зноў я бачу нібы толькі густую цемру. Чую толькі голас з вышыні:
— Тут вам і ложніца, тут вам і жыць… Скарб адзедзічыце… Будзеце вы там вартаўнікамі, і жывым вас не даклікацца.
І яшчэ, яшчэ я чую звон апаленай плінфы аб другую і шорганне кельмы аб камень.
— Вартаваць да веку вякоў, — чую я.
Сташка асвятляе мой твар і кажа:
— Глядзі.
Ля мура я заўважаю купку праху. Рэшткі дзежкі, якая даўным-даўно рассыпалася на порах. Па камянях павольна-павольна, адна за адной спаўзаюць слёзы даўно ўжо нікому не патрэбнай вады.
І там мы знайшлі тых, каго шукалі. Яны ўсё ж дачакаліся. Жывыя ўсё ж даклікаліся іх. Але ім гэта было «ўва векі вякоў», усё адно што ніколі.
Ля самага мура блізка-блізка адзін да аднаго і пры жыцці, магчыма, абняўшыся, а цяпер проста блізка, ляжалі два касцякі.
|< Пред. 395 396 397 398 399 След. >|