Страница:
400 из 453
І зноў мармытанне:
— Цяпер позна што-небудзь мяняць. Жыццё пройдзена.
— Ніколі не позна.
— І потым, добрым можна быць амаль паўсюль. Няўжо вы думаеце, што такі ксёндз, як я, горшы за такое быдла, як Альшанскі князь, нягледзячы на ягоныя тытулы, на багацце?… Не… Не…
Ён падбягаў да касцёла:
— А я думаў, фундатар. А я думаў, амаль святы. Двойчы здраднік. Забойца столькіх жывых. Забойца дваіх гэтых. Забойца неўміручай душы.
Шалёна кінуў позірк на мяне.
— Няма адплаты? Няма адплаты? Хадзем са мной. Пачакай, навалач.
Што гэта было за аблічча?! Аблічча старадаўніх прарокаў. Прыгожае застрашлівай і смертаноснай прыгажосцю, якая ўжо ні на што не пакідала спадзяванняў.
Ён зайшоў у невялічкі пярэдні пакой, уласна адгароджаны куток між унутранымі і вонкавымі дзвярыма Мультанавай вартоўні, і выйшаў адтуль з ломам, які перадаў мне. Сам ён па-ранейшаму трымаў у руках кірку і брудны лантух ці посцілку, скручаную ў нейкі бязладны, хаатычны спосаб.
— Вось. Мяркую, хопіць.
Зялёны паўзмрок — праз лістоту — ліўся ў ніжнія вокны касцёла. І чыстае, нічым не зацененае святло ў верхнія вокны. У снапах гэтага святла скакалі рэдкія пылінкі. У левым нефе маці божая на іконе, мяркуючы па ўсім, пэндзля Ромера, плыла між аблокаў, узняўшы вочы ад грэшнай зямлі, ад усяго, што нарабілі на ёй людзі, і ад надмагільнага помніка князя Альшанскага.
Адзіны прамень з верхняга акна падаў на твар з зеленаватага мармуру і нібы ажыўляў яго.
|< Пред. 398 399 400 401 402 След. >|