Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 78 из 453

Такая гісторыя, расказвалі, нядаўна ў Маскве была, па вуліцы Качалава. Угаворвалі, угаворвалі прадаць — ну і ўсё скончылася на гэтым. І званілі, тэрарызавалі пасля са злосці: выпаў кавалак з рук… А вось карціны — гэта цікавей.

— Таварыш палкоўнік, — чалавек у цывільным, што корпаўся ў шуфлядзе, працягнуў Шчуку аркуш паперы. — Гэта, бадай, цікавей за карціны.

Шчука прачытаў і працягнуў паперу Клепчу. Той прабег вачыма, свіснуў і паглядзеў на мяне. Палкоўнік узяў аркуш і падаў яго мне. А калі я, у сваю чаргу, прачытаў тое, што было напісана, у мяне непрыемна заняло дых.

Аркуш быў па ўсёй форме складзеным і завераным у натарыуса запаветам, па якім грамадзянін Мар'ян Пташынскі, на выпадак раптоўнай смерці, завяшчаў усё сваю маёмасць другу, грамадзяніну Антону Космічу, з умовай, каб азначаны Косміч утрымліваў былую жонку вышэйпамянёнага Пташынскага на ўвесь час яе хваробы.

— Што ў яе? — спытаў Шчука.

— Рак, — сказаў я. — Ляжыць у Гомелі.

— Значыць, другі сэнс гэтага «на час хваробы» — да смерці, — сказаў Клепча.

— Ну нашто ж так, — сказаў Шчука. — Пазваніце, Клепча, да нас, хай навядуць у Гомелі даведкі пра стан, як яе?… пра стан Юліі Пташынскай.

Не паспеў лейтэнант пакласці трубку, як пачуўся званок у дзверы, і сэрца маё зноў упала ад неверагоднай раптоўнай надзеі. А пасля тупа забалела, бо гэта быў усяго толькі той чалавек, якога бачыў з чамаданчыкам на беразе Романі. Я здагадаўся, што гэта, мабыць, медыцынскі эксперт.

|< Пред. 76 77 78 79 80 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]