Литаратурныя творы з казачными матывами (на белорусском языке) :: Автор неизвестен
Страница:
61 из 75
Дарога, праўда, была нядоўгая, ды дзяцел па часьцi лётнiцтва не вялiкi мастак: падляцiць трохi ды прысядзе, а разам з гэтым у сiлу сваёй прафэсii зiрне на адно, на другое дрэва. Нарэшце, усё-ж такi дзяцел з птушкамi-пасланцамi прыбыў да старога дубу. Не сьпяшаючыся, як i належыць старому доктару, дзяцел агледзеў усе дубовыя галiны i невялiкiя дуплiнкi. Агляд рабiў уважна, старанна, залазiў сям-там i ў самае дуплё. Часамi ён, нiбы доктар-нэўрапатолёг, стукаў сваёй доўгай i войстрай дзюбай-малаточкам па дубовай кары, па галiнах. Птушкi з замiраньнем сэрца сачылi за кажным спрактыкаваным рухам дзятла i дзiвiлiся яго ў высокай ступенi спрытным дакторскiм прыёмам i захоўвалi ўрачыстае маўчаньне. Нарэшце, дзяцел скончыў агляд хворага, пасьля чаго, як спрытны акрабат, зрабiў на дзiва прыгожы паварот на пальцах сваiх лапак.
- Дуб хворы, але не настолькi, каб можна было трывожыцца за яго жыцьцё. Дубу патрэбен поўны спакой. Усе дзiркi, што вядуць у нутро дубу, трэба пазатыкаць, а разам з тым паклапацiцца, каб паўночныя i ўсходнiя вятры ня турбавалi старога дубу. А больш за ўсё глядзець, каб анi кроплi вiльгацi, цi будзе гэта дождж цi сьнег, не папала ў нутро дубу. Жалуды пазьнiмаць i лiсьце сям-там прарадзiць, каб умацаваць дубу каранi. Ну вось i ўсё.
Дзяцел пакланiўся птушынай грамадзе, сказаўшы на разьвiтаньне "чык", i наладзiўся ляцець у сваю дарогу.
- Дзякуем, дзякуем табе; дарагi доктар! - адказала птацтва i таксама пакланiлася дзятлу. Галуб з драздом падхапiлi дзятла пад крыльлi i так ляцелi зь iм бяз усякiх перасядак да самай дзятлавай рэзыдэнцыi, а потым далучылiся да птушак, што заставалiся каля дубу.
|< Пред. 59 60 61 62 63 След. >|