Страница:
143 из 253
— Сілком раз на дзень гарачым кормім. Пальцы мне часам пакусае, калі даём, так і схопіць. А нядрэнная была пані. Ды хоць і дрэнная, нельга кідаць божую душу.
І ён усміхнуўся такой вінаватай дзіцячай усмешкаю, што я здзівіўся.
— І чаго гэта яна?
— Спалохалася пасля смерці Рамана. Усе яны тут у чаканні жывуць, і, я скажу, большасці так і трэба. Мудрагелілі над нашым братам.
— Ну, а Яноўскай таксама?
— Пра Яноўскую не скажу. Добрая баба. Яе шкада.
Я нарэшце асмеліўся. Я зразумеў — гэта не здраднік.
— Слухай, Рыгор, я прыйшоў сюды, каб спытаць пра тое-сёе.
— Пытай, — сказаў ён, таксама пераходзячы на «ты», што мне вельмі спадабалася.
— Я вырашыў разблытаць гэтую справу з паляваннем караля Стаха. Разумееш, ніколі не бачыў прывідаў, хачу рукамі памацаць.
— Прывіды… — гмыкнуў ён. — Добрыя прывіды, калі іхнія коні самым сапраўдным гноем свае сляды пэцкаюць. І потым, навошта вам гэта, пан ласкавы? Якія такія прычыны?
— Не называй ты мяне панам. Я такі самы пан, як ты. А прычына — што ж… цікава проста. І шкада гаспадыню і многіх людзей.
— Так. Пра гаспадыню і я чую, — скоса глянуў Рыгор і хмурна ўсміхнуўся. — Мы гэтыя рэчы разумеем. Гэта ўсё адно як Зося мне. А чаму ты мне не кажаш, што ты на іх злуешся, адпомсціць жадаеш? Я ж ведаю, як ты ад дзікага палявання ля ракі ўцякаў.
Я быў уражаны:
— Адкуль ведаеш?
— У чалавека ёсць вочы, і кожны чалавек пакідае след на зямлі. Толькі нявістныя не бачаць.
|< Пред. 141 142 143 144 145 След. >|