Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 141 из 253

Праўда, прыгожа? І так рамантычна!

Яна какетліва ўсміхнулася да мяне і пачала строіць вочкі па няпісаных правілах пансіёнаў высакародных дзявіц:«Вочкі на субяседніка, пасля ўбок з лёгкім нахілам галавы, зноў на субяседніка, у верхні кут залы і ў зямлю».

Гэта была злосная пародыя на чалавечыя пачуцці. Усё адно як малпа пачала б нечакана спяваць песню Афеліі ў англійскім арыгінале.

— Тут прыгожа. Толькі жахліва! Уй, як жахліва! Бр-р-р!… Бр-р-р!…

Яна раптам кінулася ад мяне на падлогу і залезла галавою пад купу нейкіх брудных ануч.

— Прэч! Прэч адсюль! Вы кароль Стах!

Жанчына білася і крычала, яе жоўтая нага выглядала з пыльных рызманоў. Я з жахам падумаў, што, магчыма, такі будзе лёс усіх людзей наваколля, калі незразумелы жах будзе і далей чорным крылом вісець над гэтай зямлёй.

Я збіраўся адступіць, як нечая рука лягла на маё плячо і грубы мужчынскі голас сказаў:

— Чаго вы тут? Хіба вы не бачыце, што яна трохі… дзівачка?

Хлоп пайшоў у перадпакой, прынёс адтуль прадзёрты партрэт мужчыны ў фраку і з «Уладзімірам» у пятлічцы і паставіў яго на стол. Пасля выцягнуў жанчыну з рызманоў, пасадзіў яе перад партрэтам.

— Пані Кульша, гэта не кароль Стах, не. Гэта з'явіўся пан фельдмаршал паглядзець на славутую тутэйшую красуню. А кароль Стах, вось ён, на партрэце, ён зусім мёртвы і нікога не можа забіць.

Жанчына паглядзела на партрэт. Сціхла. Мужчына дастаў з-за пазухі кавалак хлеба, чорнага, як зямля. Старая паглядзела на невядомага, засмяялася радасна і пачала шчыкаць пальцамі хлеб і класці яго ў рот, усё гледзячы на партрэт.

— Кароль Стах. Мужанёк ты мой.

|< Пред. 139 140 141 142 143 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]