Страница:
146 из 253
) Але скажу табе шчыра. Калі ты прыйшоў падбіць мяне на гэта, а потым здрадзіць — многія тут на мяне зубы точаць, — так і ведай — не жыць табе на зямлі. Рыгор тут нікога не баіцца, наадварот, Рыгора ўсе баяцца. І сябры ў Рыгора ёсць, іначай тут не пражывеш. І страляе гэтая рука добра. Так што ведай — заб'ю.
Я глядзеў на яго з дакорам, і ён, глянуўшы мне ў вочы, засмяяўся, быццам у бочку, і зусім іншым тонам скончыў:
— А наогул, я цябе даўно чакаў. Здавалася мне чамусьці, што ты гэтай справы так не пакінеш, а калі пойдзеш разблытваць яе — мяне не абмінеш. Што ж, дапаможам адзін аднаму.
Мы развіталіся з ім на ўзлессі, ля Волатавай прорвы, дамовіўшыся аб новых сустрэчах. Я пайшоў дадому нацянькі, праз парк.
Калі я з'явіўся ў Балотныя Яліны, прысмерак ужо агарнуў парк, жанчына з дзіцем спала, нагадаваная ў адным з пакояў на першым паверсе, а гаспадыні не было ў доме.
Я чакаў яе з гадзіну і, калі стала ўжо зусім цёмна, не вытрымаў, і пайшоў насустрач. Я не паспеў далёка адысці змрочнай алеяй, як пабачыў белую постаць, якая палахліва рухалася мне насустрач.
— Надзея Раманаўна!
— О-о, гэта вы? Дзякуй Богу. Я так непакоілася. Вы пайшлі нацянькі?
І засаромелася, апусціла вочы ў зямлю. Калі мы падыходзілі да палаца, я сказаў ёй ціха:
— Надзея Раманаўна, ніколі не выходзьце з двара ўначы. Абяцайце мне гэта.
Мне ледзь удалося вырваць у яе гэтае абяцанне.
|< Пред. 144 145 146 147 148 След. >|