Страница:
148 из 253
І ці не скажаце вы, чаму вы кожную ноч ходзіце сюды, у таемны архіў, што робіце тут, нашто палохаеце ўсіх сваімі крокамі?
— Ух ты, бацюхна мой, які спрытны!… — незадаволена сказала яна. — Усё яму ведаць трэба.
І, відаць, таму, што знаходзілася на першым паверсе, загаварыла з выразнай народнай інтанацыяй:
— А скулля з макам ты не хочаш? Бачыце вы, што яму трэба! І аркуш схаваў. Каб ад цябе твае дзеці так хлеб на старасці год хавалі, як ты ад мяне той аркуш! У мяне, можа, больш правоў тут сядзець, чым у цябе. А ён, бачыце, сядзіць ды пытаецца. Каб на цябе так верады сядалі ды не пыталіся!
Мне гэта апрыкрала, і я сказаў ёй:
— Ты што, у турму захацела? Ты чаго тут? Ці, можа, ты адсюль дзікаму паляванню знакі даеш?
Ахмістрыня пакрыўдзілася. Твар яе сабраўся ў вялікія зморшчыкі.
— Грэх вам, пане, — ледзь вымавіла яна. — Я жанчына сумленная, я за сваім прыйшла. Вось яно ў вашай руцэ, тое, што мне належыць.
Я глянуў на аркуш. Там была выпіска з пастановы камісіі па справе аднадворцаў. Я прабег вачыма па радках і ў канцы прачытаў: «И хотя оный Закревский и до сей поры утверждает, что у него есть документы в подтверждение своих дворянских прав, а также того, что наследником Яновских по субституции является именно он, а не г-н Гарабурда, дело сие за длительностью двадцатилетнего процесса и бездоказательностью следует предать забвению, а прав дворянства, как недоказанных, г-на Закревского Исидора лишить».
— Ну, і што з гэтага? — спытаў я.
— А тое, бацюхна мой, — з'едліва праспявала ахмістрыня, — што я Закрэўская, вось што. А гэта мой бацька так судзіўся з вялікімі ды моцнымі.
|< Пред. 146 147 148 149 150 След. >|