Страница:
182 из 253
Калі імперскі расейскі суд не хоча прымушаць следчага па справе аб забойстве шляхціца Свеціловіча, дык, можа, ён захоча прымусіць следчага разблытаць справу пра замах на розум і самаё жыццё Надзеі Яноўскай, гаспадыні Балотных Ялін?
Ён здагадліва паглядзеў на мяне, паружавеў ад нейкай прыемнай думкі, плямкнуў некалькі разоў поўнымі, чырвонымі, вільготнымі вуснамі і спытаў:
— А вы што тут так за яе распінаецеся? Напэўна, самі скарыстацца вырашылі. Га? Што ж, ухваляю: у ложку яна, напэўна, гучыць нядрэнна.
Кроў кінулася мне ў твар, ноздры раздуліся. Абраза няшчаснаму другу, абраза каханай, якую я нават у думках не мог назваць сваёй, зліліся ў адно. Не памятаю, што тут было далей, як апынуўся ў маёй руцэ нейкі карбач. Я прасвісцеў глоткай:
— Ты… ты… гніда.
І пасля з маху аперазаў яго карбачом па ружова-смаглым твары.
Я чакаў, што ён адразу выхапіць рэвальвер і заб'е мяне. Але гэты здаровы мужчына толькі войкаў. Я стукнуў яго яшчэ раз па твары і пасля гідліва адкінуў карбач.
Ён выбег з пакоя, пачвалаў ад мяне з нечаканай хуткасцю і толькі сажняў праз дзвесце падаў голас, закрычаў: «Гвалт!»
Рыгор, калі даведаўся пра гэту справу, не ўхваліў мяне, сказаў, што я сапсаваў усё, што праз дзень мяне, напэўна, выклічуць у павет і, магчыма, дадуць тыдзень або вышлюць за павятовыя межы, а я патрэбен тут, бо пачынаюцца самыя цёмныя ночы. Але я не шкадаваў. Уся нянавісць мая вылілася ў гэты ўдар. І няхай павятовыя ўлады пальцам аб палец не стукнуць, каб дапамагчы мне, але затое цяпер я добра ведаю, хто мой друг, а хто вораг.
Астатнія падзеі гэтага і наступнага дня вельмі смутна адлюстраваліся ў маёй памяці.
|< Пред. 180 181 182 183 184 След. >|