Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 184 из 253



І ўсё галасней і галасней плыло над галовамі людзей, над мокрай глейкай галошанне баб-лямантух:

— А і на каго ж ты нас пакінуў?! А і чаго ж ты заснуў, радзімец?! А чаго ж твае вочы ясныя закрыліся, ручкі белыя склаліся? А хто ж нас абароніць ад судзей няправедных?! А паны ж кругом нелітасцівы, а агнусека ж на іхняй шыі няма! А галубочак ты наш, а куды ж ты ад нас адляцеў, а чаго ж ты пакінуў бедных дзетачак? А хіба ж вакол нявест няма, што з зямелькаю ты абвянчаўся, саколік?! А што ж гэта ты за хатачку абраў?! А ні вокан жа ў ён, ні дзвярэй! А не небачка ж вольнае над вільчыкам — сырая зямля!!! А не жоначка ж пад бокам — дошка халодная! А ні сяброўкі ж там, а ні каханачкі! А хто ж цябе ў вусны пацалуе?! А і хто ж табе галоўку пачэша?! А і чаго ж гэта прымерклі агеньчыкі?! А і чаго ж гэта яліны зажурыліся?! То не жонка твая плача, каханая! Не яна ж гэта плача прад вяселліцам! А то ж плачуць над табою людзі добрыя! То не зорачка ў небе засвяцілася! То затлела ў ручках свечачка васковая!

Труна плыла над сапраўднымі чалавечымі рыданнямі, якіх не купіш нават у прафесіянальных лямантух.

І вось глыбокі дол. Калі развітваліся, Яноўская ўпала на калені і пацалавала руку чалавека, які загінуў за яе. Я ледзь адарваў яе, калі труну сталі спушчаць у яму. У гэты самы час дзесяткі тры сялян падцягнулі на палазах вялізны шэры камень і пачалі ўсцягваць яго на горб, дзе была выкапана самотная магіла. Крыж быў выбіты на камені і яшчэ імя і прозвішча — каравымі няўмелымі літарамі.

Загрукаталі аб вечка труны камякі зямлі, хаваючы ад мяне дарагі твар. Пасля на зраўнанае месца паставілі вялізны шэры камень. Рыгор і яшчэ пяцёра сялян ўзялі старыя стрэльбы і раз-поразу пачалі страляць у раўнадушнае нізкае неба. Апошні з Свеціловічаў-Яноўскіх адплываў у нязнаны шлях.

— Хутка і са мною так, — шапнула мне Яноўская. — Хоць бы хутчэй.

Грукаталі стрэлы. Закамянеласць ляжала на тварах людзей.

Потым, паводле старажытнага шляхецкага звычаю, молатам быў раструшчаны аб надгробны камень радавы герб.

Род застаўся без нашчадка. Вымер.



РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ

Я адчуваў, што звар'яцею, калі не буду займацца росшукамі, калі не знайду хутка вінаватых і не пакараю іх. Калі няма Бога, калі няма справядлівасці ў начальнікаў — я буду сам і богам і суддзёю.

І, дальбог, пекла ўздрыганецца, калі яны трапяць мне ў рукі: жылы буду цягнуць з жывых.

|< Пред. 182 183 184 185 186 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]