Страница:
19 из 253
Відаць, на першым паверсе яна была дома, а на другім была толькі ахмістрыняю, толькі рэдкім госцем і, адпаведна пераходам, мяняла скуру. Вочы ў яе былі добрыя, але памятаю, што такая зменлівасць мне тады вельмі не спадабалася.
Застаўшыся адзін, я пачаў разглядаць партрэты, якія цьмяна паблісквалі на сценах. Іх было больш за шэсцьдзесят, зусім даўніх і амаль што новых — і гэта было сумнае відовішча.
Вось нейкі дваранін ледзь не ў кажусе — адна з самых старых карцін, — твар шырокі, мужыцкі, здаровы, з густой крывёю ў жылых.
А вось другі, ужо ў срэбнатканым каптане, шырокі бабровы каўнер падае на плечы (хітрая ты быў пратабестыя, хлопча!). Поруч з ім магутны, з каменнымі плячыма і шчырым позіркам чалавек у чырвоным плашчы (ля яго галавы шчыт з фамільным гербам, і верхняя палова яго замазана чорнай фарбай). А далей другія, такія ж моцныя, але вочы тупаватыя і масляныя, насы тупыя, вусны жорсткія.
А з імі жаночыя партрэты з пакатымі плячыма, створанымі для пяшчоты. У іх такія твары, што заплакаў бы і кат. А напэўна, хтосьці з гэтых жанчын і сапраўды склаў галаву на пласе ў тыя жорсткія часы. Непрыемна думаць, што такія жанчыны бралі ежу з блюд рукамі, а ў балдахінах іхніх спальняў гняздзіліся клапы.
Я стаў ля аднаго такога партрэта, зачараваны той дзіўнай незразумелай усмешкаю, якую так непераймальна рабілі часам нашы старыя мастакі. Жанчына глядзела на мяне спачувальна і загадкава.
|< Пред. 17 18 19 20 21 След. >|