Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 21 из 253



Пацук смела перабег па дыяганалі залу. Мяне перасмыкнула. Я зноў павярнуўся да партрэтаў. Але пазнейшыя партрэты былі таксама іншымі. У мужчын нейкі галодны незадаволены выгляд, вочы, як у старых селадонаў, на вуснах незразумелая тонкая і непрыемная з'едлівасць. І жанчыны іншыя: вусны занадта пажадлівыя, позірк манерны і жорсткі. І відавочна слабелі рукі: за белай скурай як у мужчын, так і ў жанчын бачны былі блакітныя жылкі. Плечы ставалі вузкімі і пададзенымі наперад, хоць юрлівасць нават мацнела ў выразе твараў.

Жыццё, якія жорсткія жарты робіш ты з тымі, хто стагоддзі жыў адасоблена, а з народам меў зносіны толькі на той выпадак, каб нараджаць на свет бастардаў.

Мне было цяжка, непрыемна глядзець на гэта. І зноў гэта пачуццё пранізлівага незразумелага холаду…

Я не пачуў крокаў за спіною, як быццам той, хто падышоў, плыў у паветры. Мне раптам проста здалося, што нехта глядзіць мне ў спіну. Тады я, прыцягнуты гэтым позіркам, павярнуўся. Жанчына стаяла за маёй спіною і пытальна глядзела на мяне, схіліўшы галаву. Я быў прыгаломшаны. Мне здалося, нібы той партрэт, які толькі што размаўляў са мною, раптам ажыў і жанчына, што стаяла тут, за маёй спіной, сышла з яго.

Не ведаю нават, што між імі было агульнага? Тая, на партрэце (я паглядзеў на яго і пабачыў, што ён на месцы), была, відаць, высокая, добра сфармаваная, з вялікім запасам жыццёвых сіл, вясёлая і моцная, прыгожая самка. А гэта — проста заморак.

|< Пред. 19 20 21 22 23 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]