Страница:
2 из 253
Да таго ж, яна блізка датычыцца мяне, і расказаць пра гэта ўжо ніхто не можа — толькі я. А вам цікава будзе паслухаць дзіўную гісторыю і пасля сказаць, што яна вельмі падобна да выдумкі.
Дык вось, перад пачаткам я скажу, што тут праўда, шчырая праўда, толькі праўда, хоць вам давядзецца пакласціся ў гэтым толькі на адно маё слова.
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
Я ехаў з губернскага горада М. у самы глухі куток губерні на наёмным вазку, і мая экспедыцыя падыходзіла да канца. Заставалася яшчэ якія тыдні два начаваць у адрынах або проста ў вазку пад зорамі, піць з крыніц ваду, ад якой шчыміць лоб, слухаць працяглыя, як беларускае гора, песні баб на прызбах. А гора ў той час хапала: падыходзілі да канца праклятыя васьмідзесятыя гады.
Не думайце, аднак, што мы ў той час толькі і рабілі, што крычалі і пыталі мужыка: «Чаго бяжыш, мужычок?» і «Ты проснешься ль, исполненный сил?»
Гэта прыйшло пазней — сапраўдныя пакуты за народ. Чалавек, як вядома, найбольш сумленны да дваццаці пяці год, у гэты час ён арганічна не выносіць несправядлівасці, але моладзь занадта прыслухоўваецца да сябе, ёй нова і цікава глядзець, як новымі думкамі і пачуццямі (яна ўпэўнена, што такога не думаў і не адчуваў ніхто) рунее душа.
І толькі потым прыходзяць бяссонныя ночы над шматком газеты, на якім надрукавана такімі ж літарамі, як і ўсё, што сёння ўзвялі на шыбеніцу трох, разумееце, трох, жывых і вясёлых. Потым прыходзіць і жаданне ахвяраваць сабою. Усе мы, і я ў тым ліку, прайшлі праз гэта.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|