Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 4 из 253

І ў асобе малаадукаванага валаснога пісара, які пасля дасылаў запісы казак мне і Раманаву, і ў асобе дрыжачага за хлеб вясковага настаўніка, і (мой народ жыў!) нават у асобе аднаго губернатара, надзвычай добрага чалавека, сапраўднай белай вароны; ён даў мне рэкамендацыйны ліст, у якім загадваў пад пагрозай суровых захадаў чыніць мне ўсялякую дапамогу.

Дзякуй вам, простыя беларускія людзі!

Нават зараз яшчэ я малюся на вас. Што ж казаць пра тыя гады…

Паступова я зразумеў, хто я. Што прымусіла мяне зрабіць гэта?

Можа, цёплыя агні вёсак, назвы якіх і дагэтуль нейкім цёплым болем уваходзяць у маё сэрца: Ліпічна, Сорак Татар, Бярозава Воля, урочышча Разбіты Рог, Памярэч, Дубрава, Вавёркі?

А можа, начлег на поплаве, калі дзеці баюць казкі і драма крадзецца да цябе праз кажух разам з холадам? Ці мурожны пах маладога сена і зоры праз прадзёртую страху адрыны?

Або нават і не яны, а проста хвойная ігліца ў чайніку, дымныя чорныя хаты, дзе жанчыны ў андараках прадуць і пяюць бясконцую песню, падобную на стогн.

Гэта было маё. За два гады я абышоў і праехаў Менскую, Магілеўскую, Віцебскую, частку Віленскай губерні. І паўсюду я бачыў гора народнае, бачыў брудных дзяцей, бачыў сляпых жабракоў, бачыў гора народа майго, даражэй за які — я зараз ведаю гэта — у мяне не было нічога на свеце.

Тады тут быў этнаграфічны рай, хоць казка, а асабліва легенда, як найбольш нетрывалыя прадукты народнай фантазіі, пачалі забірацца ўсё далей і далей, у мядзведжую глуш.

|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]