Страница:
209 из 253
Зараз трэба толькі больш рашучасці…
А позна ўначы дзікае паляванне караля Стаха з'явілася зноў. Зноў выў, галасіў, плакаў нечалавечы голас:
— Раман у дваццатым калене, выходзь! Мы прыйдзем! Мы скончым! Мы адпачнём пасля! Раман! Раман!
І зноў я, схаваўшыся за ганкам, страляў у лятучыя цені коннікаў, якія мільгалі ў самым канцы залітай месячным дымам алеі. Калі я стрэльнуў першы раз — коні кінуліся ў гушчар і зніклі, як быццам іх ніколі не было. Гэта было падобна на жахлівы сон.
Трэба было канчаць. Я прыпомніў словы Маркі Стахевіча, якія той сказаў пад дрэвам, наконт абяцання Рамана выдаць забойцаў пасля смерці і падумаў, што, можа, Раман пакінуў у хаце ці на месцы сваёй смерці нейкі доказ, які прагледзелі тады нават арліныя вочы Рыгора.
І калі Рыгор прыйшоў, мы рушылі з ім да месца забойства Рамана. Я добры хадок, але ледзь паспяваў за гэтай доўгай фігурай. Рыгор ішоў, як здавалася, павольна, але гэта была не павольнасць, а размеранасць рухаў. І ногі ён ставіў не так, як звычайныя людзі, а наскамі ўнутр: так ходзяць усе прыроджаныя паляўнічыя, і заўважана, што гэта робіць кожны іхні крок даўжэй прыблізна на дзюйм.
Па дарозе я сказаў яму, што чуў размову Маркі Стахевіча з нейкім Пацуком, і Рыгор злосна буркнуў:
— Людзі Вароны, — а пасля дадаў: — А мы думалі, што «Лікол…» гэта пачатак прозвішча. Пан не так распытваў. «Лікол» — гэта, відаць, мянушка. Трэба спытаць, каго клікалі так, у пані Яноўскай.
|< Пред. 207 208 209 210 211 След. >|