Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 211 из 253



Мы пачалі драпаць пальцамі ўбіты глей, высыпаць яго з пячоркі, і — хочаце верце, хочаце не — хутка пальцы мае натрапілі на штосьці цвёрдае. На далоні маёй ляжаў партабак з «птушынага вока». Больш у пячорцы нічога не было.

Мы выдрапаліся на лугавіну і асцярожна абчысцілі з партабака руды глей, перамешаны з глінай. У партабаку

ляжаў шматок белай матэрыі, выдраны, відаць, зубамі. І на гэтай анучцы былі невыразныя рудыя літары: «Варона забі…»

Я знізаў плячыма. Чорт ведае, што гэта было! Ці сведчанне, што Рамана забіў Варона, ці просьба да Вароны забіць кагосьці. Рыгор паглядзеў на мяне халоднымі вачыма.

— З'ясавалі, пан Андрэй. Загнаў яго сюды Варона. Заўтра будзем яго браць.

— Чаму заўтра? Можа, ён з'явіцца якраз сёння.

— Сёння пятніца. Пан забыў пра гэта. Бандзюка, як кажуць, шукай у царкве. Святыя надта ды божыя. Рэжуць з імем святой тройцы на вуснах. Яны прыйдуць заўтра, бо страцілі цярпенне. Ім патрэбна пазбавіцца ад цябе. — Памаўчаў, вочы спалахнулі нядобрым полымем: — Заўтра нарэшце прывяду мужыкоў. З віламі. І табе дамо. Калі з намі, дык да канца. Будзем вартаваць ля паваленай агароджы. І ўсіх пакладзём, усіх. Пад самы корань чортава семя…

Мы пайшлі разам да Балотных Ялін і там даведаліся, што Надзея Раманаўна не адна. У яе сядзеў пан Гарабурда. Яноўская за апошнія дні ўнікала мяне, а калі мы сустракаліся — адвяртала пацямнелыя, сумныя, як асенняя вада, вочы.

|< Пред. 209 210 211 212 213 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]