Страница:
224 из 253
— Гэта хто? — здзіўлена спытаў я.
— Мужыкі, — нутром прагудзеў Рыгор. — Хопіць цярпець. Два тыдні таму дзікае паляванне затаптала на верасовай пустцы брата вось гэтага мужыка. Міхалам яго завуць.
Міхал сапраўды нагадваў «Міхала — бурага дзедзіна». Глыбокія маленькія вочкі, скулы шырокія, рукі і ногі — не горш як у Дубатоўка. Вочы яго былі чырвонымі і апухлымі, рукі так сціснулі вілы, што аж суглобы пальцаў сталі белымі. Глядзеў ён змрочна і пахмура, але разумна.
— Хопіць, — зноў сказаў Рыгор. — Зараз нам толькі паміраць і засталося. А паміраць мы не хочам. І ты, Беларэцкі, калі што-небудзь заўважыш, маўчы. Гэта справа наша. І Бог дазваляе на канакрада — усім мірам. Сёння мы іх адвучым не толькі людзей таптаць, але і хлеб есці.
— Гэта ўсе?
— Не, — сказаў мой наваз'яўлены Чортаў Бацька, — гэтыя, на чале з Міхалам, застануцца тут, пад тваёй рукою. А мае чакаюць ля балота, што акружае Яноўскую пушчу, ля Ведзьмаковай ступы. Там яшчэ два дзесяткі. Калі яны пойдуць там — мы іх сустрэнем, калі яны пойдуць невядомай нам, іншай дарогай — сустрэнеце вы. Мы трымаем пад увагай пушчу, Халодную лагчыну і пусткі, што поруч. Вы — Балотныя Яліны. Сустрэча, калі што такое, у Халоднай лагчыне. Калі спатрэбіцца дапамога — дасылайце чалавека.
І Рыгор знік у цемры.
Мы зрабілі засаду. Я загадаў шасці мужыкам размясціцца паабапал дарогі ля самай паваленай агароджы, тром — трохі далей. Атрымаўся мяшок, або, лепей, нерат.
|< Пред. 222 223 224 225 226 След. >|