Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 222 из 253

Калі ён прывёз яго сюды, ён змясціў яго ў сваім пакоі, карыстаючыся тым, што да яго ніхто не заходзіў, і загадаў сядзець ціха. Пад час аднаго з гадаванняў я і заспеў іх на месцы злачынства. Малы Чалавек тады сядзеў пад сталом, і я мог бы схапіць яго, працягнуўшы руку.

Уначы Берман заводзіў яго ў хады, і той крочыў па начных пераходах, абуджаючы ў слухаўках гукі, якія чулі жыхары дома.

Зрэдку яго выпускалі і ў калідор: у гэтым выпадку ён апранаў назнарок пашыты стары ўбор, а Берман чакаў яго ля адчыненых дзвярэй ходу, бо адчыніць іх Малы Чалавек не мог. Сяды-тады яму дазвалялі пагуляць і на свежым паветры. З малпячым, а хутчэй з павучыным спрытам ён бегаў па карнізах будынка, глядзеў у асветленыя вокны і, у выпадку трывогі, маланкава знікаў за шматлікімі кутамі будынка.

Яму тым лягчэй было гэта рабіць, што ў яго пячорным мазгу зусім адсутнічаў інстынкт самазахавання. Ён ішоў па гэтым карнізе так раўнадушна, як мы часам, забаўляючыся, ідзём па чыгуначнай рэйцы.

Пад час адной такой пагулянкі і адбылося яго спатканне са мною. Што ж здарылася пасля? «Лікол» даслаў мне ліст, у якім, каб выбавіць мяне з хаты, рэкнуў здуру, што ведае штосьці пра Малога Чалавека. Берман, які апошні час сачыў за мною, прачытаў ліст і пайшоў на месца сустрэчы, каб неяк дамовіцца з невядомым. Там яго палічылі за мяне, і адбылася трагедыя, познім сведкам якой я быў.

А карла сядзеў усе гэтыя дні ў хадах, не маючы змогі вылезці, і зусім заслаб з голаду.

|< Пред. 220 221 222 223 224 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]