Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 237 из 253

А пасля знікнуў Гарабурда, і мы вырашылі не вяртацца ў гэтую ноч дахаты, перш чым не здабудзем цябе. Вось і здабылі…

— Хопіць, — сказаў я. — Слухаць брыдка. І хоць ты варты пятлі — мы не знішчым цябе. Мы далі слова. Пасля мы разбяромся і, калі ты будзеш вельмі вінен, перадамо цябе ў губернскі суд, а калі не — выпусцім.

Я не паспеў сказаць гэта, як Стахевіч раптам адштурхнуў двух мужыкоў, вырваўся і з надзвычайнай хуткасцю пабег да коней. Вартавому ён даў нагою ў жывот, ускінуў цела ў сядло і з месца ўзяў намётам. На хаду ён павярнуўся і здзекліва крыкнуў:

— Чакай яшчэ губернскага суда! Я зараз да Дубатоўка, ён на вас, хлопцы, усю шляхту ваколіцы падыме. Вас тут на месцы пакладуць. І табе, хамло сталічнае, не жыць, і шалаве тваёй таксама. А ты, дурны Міхал, ведай, гэта я твайго брата нядаўна стаптаў. Тое самае і табе будзе.

Міхал павёў у паветры руляй доўгай стрэльбы і, не цэлячыся, націснуў на спуск. Стахевіч моўчкі, быццам так трэба было, кульнуўся з сядла, абаранкам некалькі разоў перавярнуўся на зямлі і заціх.

Міхал падышоў да яго, узяў за аброць каня і стрэліў Стахевічу проста ў лоб. Пасля ён сурова сказаў мне:

— Ідзі наперад, атаман. Няўчасна ты з імі добры стаў. Дабрыню прэч. Абыдзецца без марцыпанаў цыганскае вяселле. Ідзі, мы цябе дагонім. Ідзі па дарозе, да Халоднай лагчыны. І не павяртайся.

Я пайшоў. І сапраўды, якое я меў права міндальнічаць з імі. Каб гэты здраднік дабраўся да Дубатоўка — яны б усё наваколле залілі крывёй. А Дубатоўка трэба хутчэй узяць.

|< Пред. 235 236 237 238 239 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]