Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 239 из 253

— Бярыце яго! Боўдур! А яны дзяцей з Яркоў шкадавалі? Тыя з голаду здыхалі… з голаду! Чалавек есці, па-твойму, не мае права?! У яго матулька! А ў нас матулек няма?! А ў Міхалавага брата не было матулькі? А ў цябе яе няма, што ты такі добры?! Слюнцяй! А ты ведаеш, што гэты вось «хлопчык малады» сёння Сымона, Зосьчынага брата, застрэліў! Нічога, мы ім заразучынім, як у песні, «Ваўкалакаву ноч».

І Рыгор, павярнуўшыся, з сілаю ўсадзіў вілы ў тое, што ляжала на зямлі.

Я адышоў убок і сеў на кукішкі. Мяне пачало ванітаваць. І я не адразу пачуў, як Рыгор, калі забітых пакідалі ўжо ў багну, падышоў і ўзяў мяне за плечы:

— Дурань ты, дурань… Ты думаешь, мне не шкада? Сэрца крывёю абліваецца. Спаць спакойна, здаецца, ніколі ў жыцці не змагу. Але цярпець дык цярпець, а калі пачалі ўжо — дык да канца. Каб ніводнага не пакінуць, каб толькі мы адны, пад кругавой парукай, ведалі. «Малады»! Ты думаеш, не вырасце з гэтага маладога стары гад? Вырасце. Асабліва пры ўспамінах аб гэтай ночы. Так будзе нашага брата, хлопа, шкадаваць, што дзіву дасіся… Пусці яго — суд сюды з'едзецца. Мяне з табою — у пятлю. Міхала і астатніх — на катаргу. Крывёю наваколле зальюць, шмагаць будуць так, што мяса з задніц шматкамі паляціць.

— Я разумею, — адказаў я. — Трэба, каб ніводны з іх не ўцёк. Я толькі што Свеціловіча ўспомніў. Трэба, браце, падавацца да апошняга з жывых, да Дубатоўка.

— Добра, — ласкава прабурчаў Рыгор. — Вядзі.

І атрад рушыў за мною ў бок дома Дубатоўка. Мы ляцелі намётам, і коні імчалі так, як быццам за намі гналіся ваўкі. Месяц цьмяна асвятляў нашу кавалькаду: кажухі мужыкоў, вілы, змрочныя твары, пудзілы на некаторых конях. Нам давялося агінаць балота вакол Яноўскай пушчы. Мы даволі доўгі час марудзілі там, пакуль перада мною не ўзніклі верхавіны ліп ля дома Дубатоўка.

|< Пред. 237 238 239 240 241 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]