Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 240 из 253

Месяц заліваў іх мярцвячым святлом, і,нягледзячы на позні час, пад ліпамі міргалі тры ружовыя агеньчыкі.

Я загадаў людзям спешыцца сажнях у пяцідзесяці ад дома і акружыць яго плотным колам. Паходні трымаць у руках і быць гатовымі па сігналу запаліць іх. Загад выканалі моўчкі. Сам я пералез праз нізенькую агароджу ў сад і пайшоў між радамі амаль ужо голых яблынь, залітых мігатлівым святлом месяца.

— Хто з коньмі? — спытаў я ў Рыгора, які ішоў за мною.

— Хлопец адзін. Ён, у выпадку чаго, сігнал нам дасць. Свішча надта ўжо добра. Проста салавей-разбойнік: коні на калені падаюць.

Мы краліся далей, і боты нашы мякка ступалі па мокрай, ільснянай, як мак, зямлі. Я падышоў да акна: Дубатоўк быў у пакоі і нервова хадзіў з кута ў кут, часта пазіраючы на вісячы гадзіннік.

Я ніколі не бачыў такога твару. Гэта быў другі Дубатоўк, і тут, сам-насам з сабою, вядома, сапраўдны. Куды падзеліся дабрыня, памяркоўнасць, ружовы твар каляднага дзеда. Гэты твар быў жоўты, з моцна апушчанымі кутамі рота, з рэзкімі зморшчынамі ля носа. Вочы запалі, глядзелі мёртва і змрочна. Я жахнуўся, пабачыўшы яго, як жахаецца чалавек, які праспаў ноч у ложку і толькі ранкам знайшоў у ім змяю, якая залезла туды для цеплыні.

«Як я мог быць такім бестурботным?» — з жахам падумаў я.

Не, з ім трэба было канчаць. Ён сам — больш небяспечны, чым дзесяць дзікіх паляванняў. Добра, што я пазбавіў яго тады на некаторы час магчымасці ездзіць верхам, іначай мы б не выкруціліся.

|< Пред. 238 239 240 241 242 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]