Страница:
67 из 253
Якія гэта былі коні! Расінант здаўся б побач з імі Буцэфалам. Хударлявыя, з ніжняй губой, адвіслай, як чапяля, са з'едзенымі зубамі. Вупраж амаль з вяровак, затое там-сям на ёй блішчаць залатыя бляшкі, якія перакачавалі са збруі «залатога веку».
«Што гэта робіцца на свеце, людзі добрыя? Калісьці адзін пан ехаў на шасці конях, а зараз шэсць паноў на адным кані».
Увесь працэс панскага разарэння ў адной гэтай іранічнай народнай прымаўцы.
Берман-Гацэвіч стаяў за маёй спіною і адпускаў іранічна-далікатныя заўвагі наконт тых, хто прыбываў.
— Гляньце, якая свірэпа (свірэпаю ў беларускай мове ХVІ стагоддзя называлі клячу). На ёй, напэўна, хтосьці з Сасаў ездзіў: заслужаны баявы конь… А гэта паненка, бачыце, як апранулася: проста як фэст на святога Антонія. А вось, бачыце, цыганы.
«Цыганамі» ён назваў сапраўды дзіўную кампанію. На звычайным возе пад'ехаў да пад'езда самы дзіўны хаўрус, які мне даводзілася бачыць. Тут былі і паны, і паненкі, чалавек дзевяць, апранутыя страката і бедна. І сядзелі яны на возе густа, як цыганы. І полаг быў на чатырох палках, як у цыган. Не хапала толькі сабакі, які б бег пад коламі. Гэта быў заняпалы род Грыцкевічавых, якія качавалі з аднаго балю на другі і так, галоўным чынам, харчаваліся. Яны былі дальнімі сваякамі Яноўскіх.
|< Пред. 65 66 67 68 69 След. >|