Страница:
69 из 253
А яна, такаячыстая ў сваім белым адкрытым плацці, толькі чырванела часам спіною, калі занадта палка прыпадаў да яе рукі які-небудзь наваяўлены донжуан у абцягненых панталонах. Гэтыя пацалункі, як мне здавалася, пэцкалі яе руку чымсьці ліпучым і нячыстым.
І толькі тут я зразумеў, якая яна, уласна кажучы, самотная не толькі ў сваім доме, але і сярод гэтай хеўры.
«Што гэта мне нагадвае? — падумаў я. — Ага, пушкінская Тацяна сярод пачвар у шалашы. Абклалі небараку, як лань пад час палявання».
Тут амаль што не было чыстых позіркаў, але затое якія былі прозвішчы! Мне ўсё здавалася, што я сяджу ў архівах і чытаю старажытныя акты якога-небудзь Пінскага копнага суда.
— Пан Сава Матфеевіч Стахоўскі з сынамі, — агалошваў лёкай.
— Пані Агата Юр'еўна Фалендыш-Хобалева з мужам і сябрам дома.
— Пан Якуб Барбарэ-Гарабурда.
— Пан Мацей Мустафавіч Асановіч.
— Пані Ганна Аўрамовіч-Басяцкая з дачкою.
А Берман стаяў за маёй спіною і адпускаў заўвагі. Ён упершыню за гэтыя дні спадабаўся мне, столькі злосці было ў яго выказваннях, такімі палючымі вачыма сустракаў ён кожнага новага госця, і асабліва маладых.
Але вось у вачах яго прамільгнула нешта такое незразумелае, што я мімаволі глянуў у той бок, і… вочы мае палезлі на лоб, такое дзіўнае відовішча я пабачыў. У залу на сходах каціўся чалавек, менавіта каціўся, іначай гэта нельга было назваць.
|< Пред. 67 68 69 70 71 След. >|