Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 84 из 253

Непадалёк ад мяне стаяў танклявы, але, відаць, моцны малады чалавек, белавалосы, з вельмі прыемным і шчырым тварам, апрануты сціпла, але з падкрэсленай акуратнасцю.

Я не бачыў, адкуль ён з'явіўся, але ён адразу спадабаўся мне, спадабалася нават мяккая аскетычнасць у прыгожым вялікім роце і разумных карых вачах. Я ўсміхнуўся яму, і ён, як быццам толькі і чакаў гэтага, падышоў да мяне вялікімі і плаўнымі крокамі, працягнуў мне руку:

— Прабачце, я без цырымоній, Андрэй Свеціловіч. Даўно жадаў пазнаёміцца з вамі. Я студэнт… былы студэнт Кіеўскага ўніверсітэта. Зараз мяне выключылі… за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.

Я таксама адрэкамендаваўся. Ён усміхнуўся шырокай белазубай усмешкаю, такой яснай і добрай, што твар адразу зрабіўся гожым:

— Я ведаю, я чытаў вашы зборнікі. Не палічыце за камплімент, я, наогул, не аматар гэтага, але вы мне сталі пасля іх вельмі сімпатычным. Вы займаецеся такой карыснай і патрэбнай справай і добра разумееце свае задачы. Я мяркую па вашых прадмовах.

Мы разгаварыліся і разам адышлі да акна ў дальнім кутку залы. Я спытаў, як ён трапіў да Балотных Ялін. Ён засмяяўся:

— Я далёкі сваяк Надзеі Раманаўны. Вельмі далёкі. Уласна кажучы, ад усяго кораня Яноўскіх зараз засталіся на зямлі толькі яна ды я, па жаночай лініі.

|< Пред. 82 83 84 85 86 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]