Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 86 из 253



Я ўсміхнуўся ад раптоўнага замілавання да гэтага хлапчука з добрым і ясным тварам, а ён, відаць, палічыў усмешку за кпін.

— Ну вось, вы ўсміхаецеся таксама, як нябожчык бацька, як дзядзька Дубатоўк. Сорамна вам…

— Я і не думаю смяяцца, пан Андрэй. Мне проста добра чуць ад вас такія словы. Вы чысты і харошы чалавек. Толькі не трэба вам камусьці яшчэ казаць пра гэта. Вось вы тут вымавілі імя Дубатоўка.

— Дзякуй вам за добрае слова. Але няўжо вы думалі, што я камусьці казаў пра гэта, што я такі нягоднік? Вы ж здагадаліся. І дзядзька Дубатоўк таксама чамусьці здагадаўся.

— Добра, што здагадаўся Дубатоўк, а не Алесь Варона, — сказаў я. — Іначай справа скончылася б дрэнна для кагосьці з вас. Дубатоўк — гэта нічога. Ён апякун, яму цікава, каб Надзея Раманаўна знайшла добрага мужа. І ён, мне здаецца, добры чалавек, нікому не скажа, як і я. Але вам трэба наогул маўчаць пра гэта.

— Гэта праўда, — вінавата сказаў ён. — Я і не падумаў, што нават маленькі намёк шкодны для гаспадыні. І праўда ваша, які добры, шчыры чалавек Дубатоўк! Сапраўдны стары пан-рубака, просты і патрыярхальны! І такі шчыры, такі вясёлы! І так ён любіць людзей і нікому пе перашкаджае жыць! А мова ягоная?! Я як пачуў, дык мяне быццам па сэрцы цёплай рукой нехта гладзіць. Ах, які добры, добры чалавек!

Нават вочы яго ўвільготніліся, так ён любіў Дубатоўка. І я таксама быў шмат у чым з ім згодзен.

— Вы ведаеце зараз, пан Беларэцкі, а больш не будзе ведаць ніхто.

|< Пред. 84 85 86 87 88 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]