Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 90 из 253

Надзея Яноўская стаяла і слухала нас. Але гэта была не яна, гэта была мара, лясны дух, казачная здань. Яна была ў сярэдневяковай жаночай вопратцы: сукня, на якую пайшло пяцьдзесят локцяў залацістага варшанскага атласа, паверх яе другая, белая з блакітнымі, адліваючымі срэбрам, разводамі і шматлікімі разрузамі на рукавах і падоле. Стан, сціснуты ў снуроўку, быў перавіты тонкім залацістым снурам, які падаў амаль да зямлі двума кутасамі. А на плячах быў тонкі рубок з белага табіну. Валасы былі ўзяты ў сетку і ўпрыгожаны шлягавым вянком, старажытным жаночым уборам, які трохі нагадваў караблік, зроблены са срэбных ніцей. З абодвух рагоў гэтага карабліка звісаў да зямлі тонкі белы вэлюм.

Гэта была каралеўна-лебедзь, уладарка бурштынавага палаца, словам, чорт ведае што, толькі не даўняе брыдкае качанё. Я сам пабачыў, як вочы Дубатоўка вырачыліся і ніжняя сківіца адвісла: ён, відаць, і сам не чакаў такога. Віскнула скрыпка. Стала цішыня.

А яна ішла проста да мяне.

Гэта даволі нязручны ўбор, і звычайна ён псуе нязвыклую да яго жанчыну — скоўвае яе рухі, робіць цяжкай і мехаватай, але гэтая несла яго, як каралева, быццам усё жыццё толькі яго і насіла: горда адкінуўшы галаву, яна плыла паважна, жаноцкі. І лукава, і ганарліва ўсміхаліся з-пад вэлюму яе вялікія вочы, абуджаныя пачуццём уласнай прыгажосці.

Дубатоўк аж рохкнуў ад здзіўлення і пайшоў да яе, усё паскараючы крок.

|< Пред. 88 89 90 91 92 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]