Страница:
88 из 253
І ён вытрымае найбольшыя пакуты спакойна і, калі не памрэ ў турме ад прагі волі, спакойна пойдзе на эшафот.
І такі невыказны давер выклікаў у мяне гэты чалавек, што рукі нашы сустрэліся, і я ўсміхнуўся яму, як другу.
— За што вас выключылі, пан Свеціловіч?
— Ат, глупства! Пачалося з ушанавання памяці Шаўчэнкі. Студэнты, вядома, былі аднымі з першых. Нам прыгразілі, што ва ўніверсітэт увядуць паліцыю. — Ён аж пачырванеў. — Ну, мы пачалі крычаць. А я крыкнуў, што калі яны толькі пасмеюць зрабіць гэта са святымі нашымі мурамі, дык мы крывёю змыем з іх ганьбу. І першая куля будзе таму, хто дасць такі загад. Пасля мы высыпалі з будынка, пачаўся шум, і мяне схапілі. А калі ў паліцыі спыталі пра нацыянальнасць, дык я адказаў: «Пішы: украінец».
— Добра сказана.
— Я ведаю, гэта вельмі неасцярожна для тых, хто ўзяўся змагацца.
— Не, гэта добра і для іх. Адзін такі адказ варты дзесятка куль. І гэта азначае, што супраць агульнага ворага — усе. І няма ніякай розніцы паміж беларусам і ўкраінцам, калі над спіною вісіць бізун.
Мы моўчкі глядзелі на танцуючых аж датуль, пакуль рот Свеціловіча не перасмыкнула.
— Танцуюць. Чорт іх ведае што такое. Паноптыкум нейкі… дапатопныя яшчары. У профіль не твары, а звярыныя морды. Мазгоў — з напарстак, а сківіцы, як у дыназаўра, на семсот зубоў. І сукні са шлёпамі. І гэтыя страшныя твары вырадкаў… Усё ж такі няшчасны мы народ, пан Беларэцкі.
— Чаму?
— У нас ніколі не было сапраўдных уладароў думак.
— Можа, гэта і лепш, — сказаў я.
|< Пред. 86 87 88 89 90 След. >|