Страница:
99 из 253
Старажытнай пабудовы, прысадзісты, з вельмі маленькімі акенцамі, ён быў крыты гонтай, чыста пабелены, меў ганак з чатырма калонамі. Правінцыяльны архітэктар не ведаў, відаць, вядомага сакрэту, і таму калоны здаваліся трохі пукатымі ўсярэдзіне, як бачонкі. Акружала дом старая абсада з жоўтых, амаль ужо абляпаных агромністых ліп. За домам вялікі пераважна фруктовы сад, за ім — хустка ўзаранай зямлі.
Я, відаць, спазніўся, бо за вокнамі ўжо грымелі галасы. Сустрэлі мяне горача і страсна.
— Бацюхны, свентыя пакутнічкі! — крычаў Дубатоўк. — З'явіўся-такі, з'явіўся, блудны сын. За стол яго, за стол. Антось, дзе ты там, лабідуда? Разгонную госцю. Прахлопалі, чэрці, нават не салютавалі яму, страмянной не паднеслі. У, ёлупы…
За сталом сядзела чалавек дзесяць, усё мужчыны. Знаёмыя мне былі толькі Свеціловіч, Алесь Варона і Стахоўскі. Амаль усе ўжо былі даволі п'яныя і разглядалі мяне чамусьці з павышанай цікаўнасцю. Стол ламаўся ад страў: відаць, Дубатоўк быў з мясцовых заможных шляхцюкоў. Заможнасць была, аднак, адносная. Есці і піць было што, але пакоі, праз якія я ішоў, не вызначаліся багатым абсталяваннем. Сцены пабеленыя, аканіцы разьблёныя і ярка афарбаваныя, мэбля старая і не вельмі прыгожая, затое вельмі цяжкая. Старасвеччына глядзела з кожнага кута.
|< Пред. 97 98 99 100 101 След. >|