Страница:
101 из 253
Вадкасць апаліла ўсе мае вантробы, вогненныя кругі захадзілі ў галаве, але я стрымаўся, не скрывіўся.
— Мужчына! — пахваліў Дубатоўк.
— Што гэта? — праглынуўшы добры кавалак шынкі, спытаў я.
— Го! Старку польскую ведаеш, гарэлку ведаеш, хахлацкі спатыкач таксама, а нашага «трыс дзівінірыс» не ведаеш. Гэта, браце, па-літоўску ( Тут маюцца на ўвазе балты-жамойты. (Заўв. рэдактара)) «тройчы дзевяць», гарэлка на дваццаці сямі травах. Мы яе сакрэт у літоўцаў выведалі стагоддзі таму. Зараз яе і самі літоўцы забылі, а мы яшчэ памятаем. Пі на здароўечка, пасля я цябе стаўным мёдам пачастую.
— А гэта што? — спытаў я, торкаючы відэльцам у нешта цёмнае на талерцы.
— Каханенькі ты мой, гэта ласіныя губы ў падсалоджаным воцаце. Еш, браце, сілкуйся. Гэта страва для волатаў. Продкі нашы, зямля ім пухам, не дурныя былі. Еш, абавязкова іх еш.
А праз хвіліну, забыўшыся, што рэкамендаваў «губы», крычаў:
— Не, браце, ты ў мяне адсюль, не пакаштаваўшы халодных пірагоў з гусінай пячонкай, не пойдзеш. Антось, сюды!
Падышоў Антось з пірагамі. Я быў адмовіўся.
— Падай да госця ў ногі. Бі дурной галавою ў падлогу, прасі, бо госць нас крыўдзіць.
Праз хвіліну я быў таксама нападпітку. Вакол крычалі, спявалі, але я не забываў есці. Дубатоўк вісеў у мяне на плячы і дудніў нешта, што я не вельмі і слухаў. Пакой пачынаў разгойдвацца.
А-а вып'ем чарку,
А за ёй дру-гу-ю, -
роў нехта. І раптам я прыпомніў далёкі дом у яловым парку, бараду моху на дрэвах, камін, сумную постаць ля яго.
|< Пред. 99 100 101 102 103 След. >|