Загадкавы святы :: Буль Пьер
Страница:
16 из 49
Але словы, прадыктаваныя абату абавязкам, насуперак яго ўласным памкненням, выклiкалi ў пракажоных трывогу i гнеў. Натоўп iнстынктыўна паўстаў супраць перашкод, якiя ставiлiся перад святым у выкананнi яго мiсii. Пракажоныя, з iх аголенымi хваробай нервамi, не цярпелi, калi нешта рабiлася iм насуперак, i роспач ператварыла натоўп у жудасную зграю, у якой напоўнiцу праявiлiся характары жывёлiн, аблiчча якiх насiлi з ласкi Яе Вялiкасцi Праказы ўсе яе падданыя: горыч "iльвоў" вылiлася ў мармытанне, якое нагадвала прыглушаны рык, свiнападобныя, выцягнуўшы насы, рохкалi, нiбы дзiкi. "Сабакi" ашчэрылi зубы i пагрозлiва гыркалi. Здавалася, усе былi гатовыя кiнуцца на абата, каб разадраць яго.
Аднак незнаёмага гэта вiдовiшча не ўразiла. Ён зноў зiрнуў на абата i запытаўся тым самым глухiм голасам:
- Хiба ўсе людзi не браты?
- Бясспрэчна, хоць сёння шмат хто забыўся пра гэта.
- Шмат хто забыўся, гэта праўда, - як рэха, паўтарыў незнаёмы.
Жан Маяр, якi ўважлiва сачыў за iм, адзначыў горыч, з якой былi сказаны гэтыя словы. Зрэшты, гэта яго не здзiвiла, бо, паводле яго фiласофii, гэтае пачуццё не пярэчыла святасцi.
- Я пра гэта не забываюся, - казаў далей чужынец, - i вось я з вамi. Чаму ж ты мяне гонiш, брат мой?
- Я? Ганю цябе?!
Набожнай стойкасцi старога прыйшоў канец. Незнаёмы ўпэўнена падышоў да абата, абняў i палка пацалаваў, выцiраючы слёзы, якiя ручаямi кацiлiся па львiным твары.
Супакоены гэтым канчатковым доказам рашучасцi незнаёмага, натоўп яшчэ цясней абступiў яго, пачулiся ўхвальныя выкрыкi, кожнаму пракажонаму не цярпелася атрымаць цудадзейны пацалунак.
|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|