Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
74 из 278
На падставе такой акалiчнасцi ў мяне i ў нашага слаўнага Эўбула з'явiўся хiтры план. Мы забiраем, быццам на яду, сама вялiкую тушу, акуратна ачышчаем шкуру ад мяса, пакiнуўшы кiпцюры i галаву звера, пасыпаем шкуру попелам i сушым на сонцы. А пакуль шкура дубiцца пад промнямi нябеснага свяцiльнiка, мы абжыраемся мясам i так размяркоўваем нашы абавязкi ў запланаванай справе, каб адзiн з нас, не так сама дужы, як сама адважны,i прытым цалкам добраахвотна, накрыўшыся гэтай скурай, стаў падобны да мядзведзiхi i, прыведзены ў дом Дэмахара, адчынiў нам уночы дзверы, праз якiя мы маглi б трапiць у памяшканне.
15. Шмат знайшлося адважных з нашай банды, якiм хацелася выканаць гэту хiтрую задуму, аднак агульным галасаваннем быў вылучаны Фразiляон - ён выцягнуў жэрабя на гэту рызыкоўную справу. З вясёлым тварам улез ён у шырокую шкуру, якая зрабiлася ўжо мяккай i гнуткай. Сшываем краi тонкiм шпагатам, а каб шво стала непрыкметным, ды яго i так не было вiдаць, напускаем на яго з усiх бакоў касмылi шэрсцi. Працiскаем галаву Фразiляона да горла звера, дзе была прарэзана шыя, i, зрабiўшы адтулiну для дыхання насупраць ноздраў i вачэй, садзiм нашага адважнага сябра ў клетку, якую мы купiлi за невялiкiя грошы. Пасля гэтай падрыхтоўкi мы занялiся далейшым выкананнем свайго плана.
16. Даведаўшыся, што нейкi Нiкамор родам з Фракii сябраваў з тым Дэмахорам, змастачылi ад яго iмя пiсьмо, у якiм напiсалi, што верны сябра высылае яму з удалага свайго палявання падарунак для ўпрыгожання свята.
|< Пред. 72 73 74 75 76 След. >|