Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
73 из 278
Не ў кожнага знойдзецца столькi здольнасцi i красамоўства, каб адпаведнымi выразамi апiсаць розныя бакi складанай падрыхтоўкi да свята. Вось слаўныя сваёй сiлай гладыятары, вось спрактыкаваныя паляўнiчыя, а там асуджаныя на смерць злачынцы, падрыхтаваныя на адкорм дзiкiх звяроў. Апроч таго, узвышаюцца на палях машыны i вежы, пабудаваныя з дошак накшталт рухомага гмаху, упрыгожаныя яскравымi малюнкамi выдатныя сховiшчы для ўдзельнiкаў запланаванага палявання. А яшчэ ж такое мноства, такая разнастайнасць звяроў! Ён спецыяльна паклапацiўся прывезцi здалёк гэтыя хадзячыя пародзiстыя пахавальнi для асуджаных злачынцаў. Але найбольш з гэтага рыхтавання здзiўляла незвычайная колькасць вялiзных мядзведзяў, якiх ён здабываў, не шкадуючы затрат, дзе толькi мог. Не лiчачы тых, што былi злоўлены падчас яго паляванняў, не лiчачы тых, якiх ён купляў за вялiкiя грошы, яшчэ i сябры абдароўвалi яго медзвядзямi розных масцяў, а ён усiх iх добра кармiў, трацячы на гэта вялiкiя сродкi.
14. Аднак такая слаўная i такая незвычайная падрыхтоўка да ўсенароднай забавы не абышлася без згубнага ўмяшання Зайздрасцi. Ад доўгага жыцця ў клетках, стомленыя летняй спёкай i доўгiм сядзеннем без руху, мядзведзi раптам захварэлi на нейкую заразную хваробу i пачалi здыхаць. Ледзь не на кожнай плошчы можна было бачыць кiнутыя тушы - вынiк гэтай звярынай катастрофы. Тады просты люд, якi змушаны крайняй беднасцю не грэбаваць нiякай ежай для напаўнення свайго заўжды пустога страўнiка, пачынае збягацца да дармовага правiянту.
|< Пред. 71 72 73 74 75 След. >|