Пярсцёнак Лёвеншольдаы (на белорусском языке)   ::   Лагерлеф Сельма

Страница: 110 из 115

Тым часам яна аднатонна i бесперастанку мармытала:

- Пару для ног, пару для рук, адну для цела, адну для галавы! Мне патрэбна яшчэ што-небудзь для галавы, - раптоўна сказала яна ўжо больш спакойна, - мне патрэбна што-небудзь цёплае i мяккае.

Аканомка паказала ёй капелюшы i кепкi, якiя яна прынесла.

- Не, гэта павiнна быць штосьцi цёплае i мяккае, - сказала Марыт. Хiба ў барона Адрыяна не было якой-небудзь шапачкi з кутасiкам, як у iншых хлопчыкаў.

Аканомка толькi збiралася была адказаць, што нiчога падобнага яна не бачыла, але кухарка апярэдзiла яе.

- Я ж знайшла сягоння ранiцай вунь там, на палiцы, яго старую шапачку з кутасiкам, але паненка ўзяла яе ў мяне.

Вось так i здарылася, што дзяўчыне Спак давялося аддаць шапачку, з якой яна намервалася нiколi не расставацца i якую хацела захаваць як найдарагi ўспамiн да канца сваiх дзён.

Атрымаўшы шапачку, Марыт зноў пачала мармытаць свае заклiнаннi. Але цяпер голас яе гучаў па-iншаму. Здавалася, быццам кошка варкатала ад задавальнення.

- Цяпер, - сказала Марыт пасля таго, як яна доўга стаяла, мармычучы, над шапачкай i круцячы яе ў розныя бакi, - цяпер нiчога больш не трэба. Але ўсё гэта неабходна пакласцi Генералу ў магiлу.

Пачуўшы гэтыя словы, дзяўчына Спак зусiм згубiла надзею.

- Няўжо ты, Марыт думаеш, што барон дазволiць адкрыць склеп, каб пакласцi туды гэтыя старыя рэчы? - запыталася яна.

Зiрнуўшы на яе, Марыт крыху ўсмiхнулася. Узяўшы за руку дзяўчыну Спак, яна пацягнула яе за сабой да акна, так што ўсе, хто быў на кухнi, апынулiся за iмi. Тады яна паднесла шапачку Адрыяна да вачэй аканомкi i рассунула нiткi вялiкага кутасiка.

|< Пред. 108 109 110 111 112 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]