Пярсцёнак Лёвеншольдаы (на белорусском языке)   ::   Лагерлеф Сельма

Страница: 20 из 115

Або ж калi якая-небудзь пяшчотная мацi заснула вечным сном, трымаючы кудзер свайго дзiцяцi, то яго бязбоязна маглi б вырваць у яе з рук. I калi б якога-небудзь пастара паклалi ў труну з Бiблiяй у галавах, то i Бiблiю гэту, пэўна, можна было б украсцi ў яго без усякай шкоды для лiхадзея. Але ўкрасцi пярсцёнак Карла XII з пальца мёртвага генерала, якi жыў у маёнтку Хедэбю! Немагчыма ўявiць сабе, каб чалавек, народжаны жанчынай, рашыўся на такое адчайнае святатацтва!

Зразумела, не раз пачыналi следства, але гэта нi да чаго не прывяло лiхадзея так i не знайшлi. Злодзей прыйшоў i пайшоў у начным змроку, не пакiнуўшы нiякiх доказаў, якiя маглi б навесцi на след.

I гэтаму зноў-такi дзiвiлiся. Бо хадзiла нямала чутак аб прывiдах, якiя з'яўлялiся па начах, каб выкрыць злачынца, якi ўчынiў куды меншае злачынства.

Але ўрэшце, калi стала вядома, што генерал зусiм не кiнуў пярсцёнак на волю лёсу, а наадварот, змагаўся за тое, каб вярнуць яго назад, змагаўся з той самай грознай няўмольнасцю, якую праявiў бы, калi б пярсцёнак укралi ў яго пры жыццi, нiводзiн чалавек нiколькi гэтаму не здзiвiўся. Нiхто не выказаў сумнення ў тым, што так яно ўсё i было, бо нiчога iншага ад генерала не чакалi.

IV

Гэта здарылася праз многа гадоў пасля таго, як бясследна знiк генералаў пярсцёнак. Аднойчы пастара з Бру паклiкалi да беднага селянiна Борда Бордсана з аддаленага сэтара* ў лясах Ольсбю. Борд Бордсан ляжаў на смяротным ложы i абавязкова жадаў перад смерцю пагаварыць з самiм пастарам.

|< Пред. 18 19 20 21 22 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]