Пярсцёнак Лёвеншольдаы (на белорусском языке) :: Лагерлеф Сельма
Страница:
51 из 115
Затое як весела, бывала, ззялi вочы гаспадара, калi наскрозь вымаклы i замёрзлы, ён вяртаўся ў непагадзь дамоў, а агонь сустракаў яго цяплом i ўтульнасцю! Затое цудоўна было думаць аб агнi, якi не спiць, выпраменьваючы яркае святло ў цёмную зiмовую ноч, нiбы пуцяводная зорка беднага вандроўнiка i быццам грозная перасцярога рысi i ваўку!
Але агонь у ачагу ўмеў не толькi саграваць, свяцiць i кухарыць. Ён здольны быў не толькi зiхацець, трашчаць, дымiць i чадзiць. Ён мог абудзiць у чалавечай душы жаданне гарэзаваць.
Бо што такое чалавечая душа, як не гарэзлiвае полымя? Так, так, яна i ёсць агонь! Полымя ўспыхвае ў самiм чалавеку, ахоплiвае яго i кружыцца над iм, якраз як агонь успыхвае ў шэрых паленах, ахоплiвае iх i кружыцца над iмi. Калi тыя, хто збiраўся зiмовымi вечарамi вакол палымнеючага агню, моўчкi сядзелi гадзiну-другую, гледзячы ў ачаг, агонь пачынаў размаўляць з кожным з iх на сваёй уласнай мове.
- Сястрыца Душа, - мовiла полымя, - хiба ты не такое ж полымя, як я? Чаму ж ты такая панурая, такая засмучаная?
- Братка Агонь, - адказвала чалавечая душа, - я калола дровы i гаспадарнiчала цэлы дзень. У мяне толькi i засталося моцы, каб моўчкi сядзець ды глядзець на цябе.
- Ведаю, - працягваў агонь, - але надышоў вечар. Рабi, як я! Палымней i свяцi! Весялiся i сагравай!
I душы слухалiся i пачыналi весялiцца. Яны расказвалi казкi, загадвалi загадкi, пiлiкалi на скрыпцы, выразалi завiткi i ружачкi на хатнiх рэчах i земляробчых прыладах. Гулялi ў розныя гульнi i спявалi песнi, выкуплялi фанты i згадвалi старадаўнiя прымаўкi.
|< Пред. 49 50 51 52 53 След. >|