Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 108 из 315



Ён быў увешаны агiднымi праўдамi, трафеямi свайго палявання, i задаваўся падранаю вопраткаю; i шмат калючак было на iм, але не было нiводнай ружы.

Ён яшчэ не навучыўся смеху i прыгажосцi. Змрочны вярнуўся гэты паляўнiчы з лесу пазнання.

Пасля бiтвы з дзiкiмi звярамi вярнуўся ён дамоў; але праз сур'ёзнасць яго праглядвае яшчэ дзiкi звер - не пераможаны!

Быццам тыгр, якi падрыхтаваўся да скачка, - так трымаецца ён; але я не люблю гэтых напружаных душ, i не даспадобы мне ўсе гэтыя затоеныя.

А вы, сяброве, кажаце, што пра густ i смак не спрачаюцца? Але ўсё жыццё i ёсць спрэчка пра густ i смак!

Густ - гэта адначасова i вага, i шалi вагаў, i той, хто важыць; i гора жывым, якiя хочуць пражыць без спрэчкi пра вагу, шалi i вагара!

О, калi б гэты ўзвышаны стамiўся ад сваёй узвышанасцi: толькi тады выявiлася б яго прыгажосць, i толькi тады я пакаштаваў бы яго i палiчыў бы смачным.

I толькi адвярнуўшыся ад самога сябе, пераскочыць ён цераз свой цень праўда! - проста ў сваё сонца!

Надта доўга сядзеў ён у цянi, пабялелi шчокi ў пакаянца духам: ён ледзь не памёр з голаду, чакаючы.

Яшчэ тоiцца ў ягоных вачах пагарда, i агiда - на вуснах у яго. I хоць ён дасягнуў супакаення, няма сонца ў ягоным спакоi.

Ён мусiў бы працаваць, як вол; i зямлёю мусiла б пахнуць ягонае шчасце, а не пагардай да зямлi.

Я хацеў бы бачыць яго белым валом, валом, якi, чмыхаючы i рыкаючы, iдзе перад плугам; i сам рык яго павiнен усхваляць усё зямное!

Твар у яго яшчэ змрочны: цень ад рукi грае на яго твары.

|< Пред. 106 107 108 109 110 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]