Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 118 из 315



Усе памылкi i слабасцi людзей паклалi яны памiж сабою i мною: "чорнай падлогай" называецца гэта ў iхнiх дамах.

Але нягледзячы на гэта, я са сваiмi думкамi хаджу паверх iхнiх галоў; i калi б я захацеў пайсцi дарогаю сваiх памылак, дык i тады я быў бы вышэй.

Бо людзi не роўныя: так кажа справядлiвасць. I тое, чаго я хачу, яны не маюць права хацець!"

Так сказаў Заратустра.

Пра паэтаў

"З таго часу, як я лепей ведаю цела, - сказаў Заратустра аднаму свайму вучню, - я кажу пра дух толькi ў параўнаўчым сэнсе; i ўсё "непрамiнальнае таксама толькi параўнанне".

"Я ўжо чуў гэта ад цябе аднаго разу, - адказаў вучань, - i тады ты яшчэ дадаў: "А паэты залiшне маняць". Чаму ты сказаў, што паэты залiшне маняць?"

"Чаму? - сказаў Заратустра. - Ты пытаешся чаму? Я не той, у каго можна пытацца пра ўсе iх "чаму".

Не ўчора пачалося маё жыццё! Даўно ўжо я перажыў асновы сваiх меркаванняў.

Цi не быў бы я бочкаю памяцi, калi б насiў пры сабе ўсе свае асновы!

Захоўваць свае меркаваннi - ужо i гэта залiшне для мяне; а колькi птушак ужо адляцела!

I сярод iх у галубятнi маёй ёсць нейкая залётная, не вядомая мне; яна дрыжыць, калi я кладу на яе руку.

Дык што ж табе аднаго разу сказаў Заратустра? Што паэты залiшне маняць? Але i сам Заратустра - паэт.

А цяпер цi верыш ты, што тут ён сказаў праўду? Чаму верыш?"

Вучань адказаў: "Я веру ў Заратустру". Але Заратустра пахiтаў галавою i ўсмiхнуўся.

|< Пред. 116 117 118 119 120 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]