Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 116 из 315



Бо мора хоча, каб сонца цалавала яго i ўпiвалася iм; яно хоча зрабiцца паветрам, i вышынёю,i сцежкаю святла, i самiм святлом!

Далiбог, як сонца, люблю я жыццё i ўсе глыбокiя моры.

I вось што ў мяне называецца пазнаннем: каб усё глыбокае паднялося на вышыню маю!"

Так сказаў Заратустра.

Пра вучоных

"Аднаго разу, калi я спаў, баран з'еў плюшчавы вянок на маёй галаве; з'еў i сказаў: "Заратустра больш не вучоны".

I, сказаўшы гэта, ён пагардлiва адышоў i ганарыста. Адно дзiця расказала мне пра гэта.

Я люблю ляжаць тут, дзе гуляюць дзецi, каля разваленага мура, у бадзяках i чырвоных маках.

Я ўсё яшчэ вучоны для дзяцей, i бадзякоў, i чырвоных макаў. Не вiнаватыя яны нават у злосцi сваёй.

Але ў бараноў я ўжо больш не вучоны: такая ўжо доля мая - хай будзе яна дабраславёная!

Бо праўда яна вось: пайшоў я з жытлiшча вучоных, ды яшчэ i дзвярыма бразнуў.

Надта доўга сядзела мая галодная душа за iх сталом: не навучыўся я спазнаваць, як яны, - з такiм самым спрытам, як лускаюць арэхi.

Я люблю свабоду i чыстае паветра над свежай зямлёю; лепей мне спаць на бычыных скурах, чым на iхнiх годнасцях i шаноўлях.

Я занадта гарачы i таму згараю ад сваiх думак: мне часта перасмыкае дыханне. I тады трэба мусова вырвацца на прастору, прэч з усiх гэтых пыльных пакояў.

А яны вылежваюцца ў халадку: яны хочуць быць толькi гледачамi i не смеляцца сядзець там, дзе сонца палiць прыступкi.

Як разявы на вулiцах, што лупяць вочы на прахожых, так чакаюць i яны, i лупяць вочы на думкi, прыдуманыя не iмi.

|< Пред. 114 115 116 117 118 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]