Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 173 из 315



Хiба не прайшоў даўным-даўно час на такiя паняверкi? Хто яшчэ можа будзiць гэтую спачылую, светлабоязную даўнiну!

Даўно ўжо пакончана са старымi божышчамi; i праўда - добры, вясёлы канец выпаў на iхнюю долю!

Не "поцемкамi" давялi яны сябе да смерцi - гэта мана! Наадварот: яны так рагаталi аднаго разу, што паўмiралi ад смеху!

Гэта адбылося, калi сама бязбожнае слова было прамоўлена нейкiм богам: "Адзiн Гасподзь! Хай не будзе ў цябе iншых багоў, апрача Мяне!"

- стары, раўнiвы, злосны барадач аж настолькi забыўся, што ўсе багi засмяялiся i, пагушкваючыся на сваiх тронах, казалi: "Цi не ў тым боскасць, што ёсць багi, ды няма нiякага Бога?"

Хто мае вушы, хай чуе!"

Так сказаў Заратустра ў горадзе, якi ён любiў i якi называўся Пярэстая Карова. Адгэтуль заставалася яшчэ два днi дарогi да пячоры, да вяртання да ягоных звяроў; i душа яго парадавалася блiзкаму вяртанню.

Вяртанне

"О адлюдненасць! Ты - мая Айчына Адлюдненасць! Надта доўга жыў я закiнуты на чужыне, каб са слязьмi не вярнуцца да цябе!

Пагразi мне пальцам, як грозiць мацi, усмiхнiся мне, як мацi ўсмiхаецца, i скажы: "А хто колiсь нiбы вiхура паляцеў ад мяне?"

Хто на развiтанне крыкнуў: "Надта доўга я быў у адзiноце i адвык маўчаць". Цяпер ты, вядома, навучыўся?

О Заратустра, я ведаю ўсё: i тое, што сярод мноства людскога ты быў больш пакiнуты, чым раней са мною!

Адно - пакiнутасць, другое - адлюдненасць: гэтаму ты навучыўся цяпер! I таму, што сярод людзей ты заўсёды будзеш iм чужы i дзiкi:

- нават калi яны любiцьмуць цябе: бо яны найперш хочуць, каб iх шкадавалi!

А тут ты ў сябе дома, на радзiме; тут ты можаш гаварыць усё i адкрыць сваю душу, нiхто тут не саромеецца схаваных i скупых пачуццяў.

Тут усе рэчы, лашчачыся, наблiжаюцца да тваёй прамовы i дагаджаюць табе: так хочацца iм паездзiць на тваёй спiне! На любой прыпавесцi ты дапнеш да ўсякай iсцiны.

|< Пред. 171 172 173 174 175 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]