Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 183 из 315



Выкармлены няшчодрай простай ежай, заўсёды гатовы да лёту, гатовы ў неба такi я: як жа мне быць не птушкай?

Да таго ж я варожы Духу Цяжару - гэта ўва мне таксама птушынае; праўда бо, смяротная, непрымiрная, спрадвечная мая варожасць! О, куды толькi не лётала i дзе толькi не блукала мая варожасць!

Цяпер я магу пра гэта спяваць i хачу спяваць: хоць я адзiн у пустым доме i давядзецца спяваць толькi сваiм вушам.

Ёсць, вядома, iншыя спевакi, у каго толькi ў поўным доме голас мякчэе, рука робiцца вымоўнай, позiрк - выразным, а сэрца - чуйным: але на iх я не падобны.

2

Той, хто навучыць людзей лётаць, зрушыць усе межавыя камянi; ён прымусiць самыя камянi лётаць, i новым iмем назаве зямлю - iмем "лёгкая".

Страўс бяжыць хутчэй за сама борздага каня, але ў цяжкую зямлю яшчэ хавае сваю галаву: так i чалавек, якi яшчэ не ўмее лётаць.

Цяжкiмi ён называе зямлю i жыццё: бо так хоча Дух Цяжару! А той, хто прагне стаць лёгкiм, павiнен любiць сябе самога: так вучу я.

Вядома, любiць не любоўю хворых i нямоглых, бо ў iх нават сябелюбнасць смярдзючая!

Так вучу я: трэба вучыцца любiць сябе - любоўю здаровай i святой, каб заставацца верным сабе i не лунаць марна.

Такое лунанне назвала сябе "любоўю да блiзкага"; гэтымi словамi дагэтуль iлгалi i крывадушылi больш за ўсё, асаблiва тыя, каго свет ледзьве трываў.

I праўда, гэта зусiм не запаведзь на сёння i на заўтра - вучыцца любiць сябе. Наадварот, з усiх мастацтваў гэта найтанчэйшае, наймудрэйшае i патрабуе найбольшай цярплiвасцi.

Бо свой здабытак заўсёды добра схаваны ад самога сябе, i з усiх скарбаў на астатку заўсёды выкопваецца свой скарб; такое ўздзеянне Духу Цяжару.

Ледзь не з калыскi нам даюць у спадчыну цяжкiя словы i каштоўнасцi: "дабро" i "зло" - так называюць гэтую спадчыну.

|< Пред. 181 182 183 184 185 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]