Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
2 из 315
Дык жа ўмiлаславi мяне, о спакойнае вока, якое непажадна ўмее глядзець на сама вялiкае шчасце!
Умiлаславi келiх, якi хоча пралiцца, каб каштоўная вiльгаць струменiлася з яго, разносячы паўсюль водблiск тваёй асалоды!
Глянь! Гэты келiх хоча зноў апаражнiцца, а Заратустра хоча зноў учалавечыцца".
Так пачаўся Заратустраў захад.
2
Заратустра спусцiўся з гары, не сустрэўшы нiкога на дарозе. А калi ён заглыбiўся ў лес, перад iм нечакана паўстаў старац, якi пакiнуў свяшчэнны будан, каб пашукаць у лесе карэння. I сказаў старац да Заратустры такiя словы:
"Не чужы мне гэты вандроўнiк: некалькi гадоў таму назад ён праходзiў тут. Яго iмя - Заратустра; але ён перамянiўся.
Тады ты нёс свой попел у горы: няўжо сёння ты хочаш несцi агонь у далiны? Няўжо не баiшся кары, якая бывае падпальшчыку?
Так, Заратустра, я пазнаю. Чыстыя вочы ў яго, i на вуснах нiякай агiды. Цi не таму ён iдзе, як танцуе?
Заратустра перамянiўся, Заратустра здзяцiнеў, Заратустра - той, хто прачнуўся: чаго ж ты хочаш ад тых, якiя спяць?
Як у моры, жыў ты ў самотнасцi, i мора насiла цябе. Шкада! Табе зноў хочацца выйсцi на бераг? Шкада, табе хочацца зноў самому цягаць сваё цела?"
Адказаў Заратустра: "Я люблю людзей".
"А чаму, - сказаў святы, - пайшоў я ў лес i ў пустэльню? Цi не таму, што занадта любiў людзей?
Цяпер я люблю Бога: людзей я не люблю. Чалавек, я лiчу, дужа недасканалая штука. Любоў да людзей забiла б мяне".
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|