Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 271 из 315

- Вiдно, што не ведае ён нашых мiлых немцаў, гэты мудрэц з Усходу!

Ён, мабыць, хацеў сказаць "па-нямецку i груба" - памагай Бог! На нашыя часы гэта яшчэ не самы горшы густ!")

"Няхай нават усе вы, разам узятыя, - вышэйшыя людзi; але як на мяне - вы недастаткова высокiя i моцныя.

У мяне - гэта азначае: як на таго няўмольнага, якi маўчыць ува мне, але ж не вечна ён будзе маўчаць. А калi вы i не чужыя мне, дык не такiя блiзкiя, як мая правая рука.

Бо ў каго, як у вас, хворыя i слабыя ногi, таму найперш хочацца, каб лiтавалi яго, усведамляе ён гэта або хавае ад сябе.

Але нi рук, нi ног сваiх не шкадую я - я не лiтую сваiх воiнаў: так што вы няздатныя на маю вайну!

З вамi я змарнаваў бы ўсе свае перамогi. Многiя з вас пападаюць, як толькi пачуюць пошчак маiх барабанаў.

Вы недастаткова прыгожыя для мяне i недастаткова высакародныя. Чыстыя, гладкiя люстэркi патрэбныя мне на павучаннi мае; а ваша паверхня руйнуе нават мой вобраз.

Вашыя плечы нурацца пад цяжарам многiх успамiнаў; многа гнюсотных карлiкаў сядзiць, скурчыўшыся, у патаемных заканурках вашых. Колькi плебейскага вы хаваеце ў сабе!

I нават калi высокiя вы i вышэйшага роду: многа ў вас крывога i выродлiвага. Няма на цэлым свеце каваля, якi паправiў бы вас i выпрастаў.

Вы толькi масты: хай вышэйшыя пяройдуць па iм на той бок! Вы - толькi прыступкi: дык жа не гневайцеся на таго, хто падымаецца па гэтых прыступках на сваю вышыню!

Магчыма, з вашага насення i вырасце калi-небудзь сапраўдны сын i сапраўдны спадчыннiк: але да гэтага яшчэ далёка. Вы - не тыя, хто спадкуе iмя i набытак мой.

|< Пред. 269 270 271 272 273 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]