Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
50 из 315
Пакуль яшчэ жанчына няздольная на сяброўства: але скажыце вы мне, мужчыны, хто з вас здольны?
О вашая беднасць, мужчыны, о скнарыстасць вашай душы! Тое, што вы даяце сябру, я даю кожнаму свайму ворагу, але ж не раблюся бяднейшы.
Ёсць таварыскасць: хай будзе i сяброўства!
Так сказаў Заратустра.
Пра тысячу i адну мэту
Шмат краiн i народаў пабачыў Заратустра: так ён адкрыў дабро i зло ў розных народаў. Не знайшоў ён на цэлай зямлi сiлы, большай за дабро i зло.
Нiводзiн народ не здолеў бы выжыць, не робячы ацэнкi - што дабро i што зло; каб захавацца, ён павiнен ацэньваць iнакш, чым ягоны сусед.
Многае, што ў адных народаў называюць дабром, у другiх лiчыцца ганьбаю i гiдою - вось што зразумеў я. Многае з таго, што тут называецца лiхам, там ходзiць у пурпурах шаноўлi.
Нiколi сусед не разумеў суседа; заўсёды здзiўлялася душа аднаго з шалу i злосцi другога.
Скрыжаль даброцяў вiсiць над кожным народам. Глядзi, гэта скрыжаль ягоных пераадоленняў, гэта голас ягонай волi да ўлады.
Вартае хвалы ў яго тое, што цяжка робiцца; добрым называецца цяжкае i непазбежнае; а тое, што настолькi моцнае, што аж можа вызвалiцца ад найвялiкшай гароты, - сама рэдкае i цяжкае - ён абвяшчае свяшчэнным.
Тое, што дазваляе яму панаваць, перамагаць i ззяць на зайздрасць суседу, мае ў яго значэнне найвышэйшага, сама першага мернiка каштоўнасцяў i сэнсу ўсiх рэчаў.
|< Пред. 48 49 50 51 52 След. >|