Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
8 из 315
Я люблю таго, хто свабодны духам i свабодны сэрцам; таго, чыя галава толькi часцiнка ягонага сэрца, - а сэрца вядзе яго да захаду.
Я люблю ўсiх, падобных да цяжкiх кропляў, што падаюць адна за адной з чорнай хмары, якая навiсла над чалавецтвам: яны запабягаюць блiзкасць блiску маланкi i гiнуць, як вешчуны.
Бачыце, я - вяшчун маланкi, я - цяжкая кропля з хмары; а завуць тую маланку - Звышчалавек..."
5
Сказаўшы гэтыя словы, Заратустра зноў паглядзеў на натоўп i змоўк. "Вось стаяць яны i смяюцца, - казаў ён свайму сэрцу, - не разумеюць мяне: не на iхнiя вушы казань мая.
Няўжо спачатку трэба iм аглушыць вушы, каб яны навучылiся слухаць вачыма? Няўжо трэба грымець, як лiтаўры, i трашчаць, як прапаведнiкi каяння? Цi, можа, яны вераць толькi заiкам?
У iх ёсць нешта, чым яны ганарацца. Як жа яны называюць тое, чым ганарацца? Называюць "адукацыяй", яна нiбыта адрознiвае iх ад пастухоў.
Таму яны i не любяць прымаць на сябе слова "пагарда". Што ж, я звярнуся да iх гонару.
Я хачу сказаць iм пра сама пагарднае, а яно - гэта апошнi чалавек".
I гаварыў Заратустра да людзей такiмi словамi:
"Наспела чалавеку паставiць перад сабою мэту. Трэба пасадзiць расадзiну сваёй найвышэйшай надзеi.
Пакуль яшчэ шчодра родзiць ягоная глеба. Але прыйдзе час, i зубожыцца яна i знясiлiцца, i выноснае дрэва больш не вырасце на ёй.
|< Пред. 6 7 8 9 10 След. >|