Страница:
118 из 129
На Ўладзімір, і Ніжні, і Кержанец, і налева, на Растоў Вялікі, Пераяслаў, Волагду, Архангельск. А калі за Волгай павернеце — то Вялікі Ўсцюг і Перм… Думайце хутчэй. Канваіраў патрымаем да вечара… Хто не будзе ўцякаць?
Знайшлося чалавек восем.
— Ну вось. Астатнія — ідзіце.
Падалі кайданы. І гэта была найлепшая для слыху музыка.
РАЗДЗЕЛ ІХ
Сонца сядала. Калоднікі даўно разышліся ў розныя бакі. Тыя, што не захацелі ўцячы, сядзелі каля салдат.
Прарыпелі вазы. На месцы вызвалення засталася купа кінутых халатаў ды яшчэ паўсюль, як змеі, блішчалі ў траве кінутыя кайданы. Нібыта распаўзлося кубло.
Шчалканаў паматваў кісцямі рук:
— Гэх, работачка крывая, прыгож-жая! І разбягуцца ж яны цяперака, літасцівенька, як тарганы.
Алесь падумаў аб тым, колькі мужыкоў сёння не далічыцца на вяроўках кашуль і портак, — і ўсміхнуўся.
— Хадзем, Шчалканаў.
— Гэ-эх, бар-рын, святы ваўчок. Вызваліў ты нас ад Хлюста. Ці вызваліш ад Хваста?
— А хто за вамі пацягнецца? Імя ты майго не ведаеш. А каб і ведаў — каму сказаў бы? За табою, брат, падвойны хвост.
— Ведаю, — Шчалканаў прыплясваў. — Эх, чынчаль-мінчаль, хлюст мазепа. Табе хіба катарга, а мне яшчэ за разбоі па белай спінушцы ды тысяча палачак… А што, калі я на гэта не ўважу?
— Не ўважай, — спакойна сказаў Алесь.
|< Пред. 116 117 118 119 120 След. >|